Вярхоўны суд за 3,5 месяцы не здолеў напоўніць сайт інфармацыяй пра суддзяў
А Следчы камітэт другі год працуе наогул без сайта, хоць старшыня СК абяцаў, што рэсурс з’явіцца ў 2013.
Як вядома, 1 студзеня 2014 года ў Беларусі былі аб’яднаныя дзве судовыя сістэмы. Разам са знікненнем гаспадарчых судоў, быў ліквідаваны і Вышэйшы гаспадарчы суд і сучасны сайт установы. Варта заўважыць, што рэсурс аператыўны асвятляў дзейнасць суда, праз яго ішлі першыя онлайн-трансляцыі паседжанняў.
У студзені 2014 пачаў працу новы сайт Вярхоўнага суда. Прайшло больш за 3,5 месяцы, але на рэсурсе дагэтуль няма інфармацыі пра суддзяў калегій Вярхоўнага суда (гл.фота). Па-ранейшаму няма раскладу паседжанняў. Пры гэтым у ВС стала працуе прэс-служба.
Дарэчы, інфармацыя пра эканамічныя суды (былыя гаспадарчыя) падаецца, як і раней, больш аператыўна і пашырана. У раздзеле “Эканамічныя суды” можна знайсці расклад паседжанняў, біяграфію суддзяў, прынятыя рашэнні.
Больш за два гады без сайта працуе Следчы камітэт. У студзені 2013 старшыня СК Валянцін Шаеў у інтэрв’ю БелТА адзначаў: “Распрацоўка сайта была распачатая яшчэ ў мінулым годзе (2012). У цяперашні час завершаны ўсе падрыхтоўчыя мерапрыемствы, і ў гэтым годзе сайт у нас будзе”. Ён дадаў, што асноўная праблема пры стварэнні сайта - забеспячэнне сакрэтнай перадачы дадзеных, для чаго патрэбныя пэўная апаратура і сродкі. Як толькі гэтая задача будзе вырашана, сайт будзе запушчаны, абяцаў Шаеў. Аднак мінуў і 2012, і 2013 год, а сайт галоўнага следчага органа краіны дагэтуль не створаны.