Журналістку не ўпусцілі ў Беларусь з бюлетэнямі па назіранні за выбарамі
На пункце пропуску «Каменны Лог» Ганну Аземшупрымусілі выехаць з тэрыторыі Беларусі і пакінуць за мяжой 130 асобнікаў інфармацыйнага бюлетэня “Восем цікавых фактаў пра выбары” і 65 асобнікаў бюлетэня “Назіральнік паведамляе”.
Пра гэта журналістка газеты «Новы Час», сябра ГА «БАЖ» распавяла прэс-службе нашай арганізацыі.
Ганна вярталася 20 красавіка з Літвы ў Беларусь на машыне і была на беларускай мяжы каля 14.00. У “зялёным калідоры” ў часе агляду машыны мытнік заўважыў у багажніку згорнуты грузінскі чырвона-белы сцяг, які Ганна вазіла там доўгі час. Гэта і стала падставай для больш пільнага агляду. Машыну загадалі перагнаць у “чырвоны калідор” і даглядалі некалькі гадзін.
У часе дагляду знайшлі інфармацыйныя бюлетэні праекта "Назіранне з выбарамі: тэорыя і практыка" — "Восем цікавых фактаў пра выбары" і "Назіральнік паведамляе". У выніку нічога не забралі, але загадалі выехаць з тэрыторыі Беларусі і выкінуць альбо камусьці перадаць усе знойдзеныя асобнікі. Толькі зрабіўшы гэтага, Ганна змагла ўехаць у краіну. Журналістка збіраецца абскарджваць дзеянні памежнай службы.
14 сакавіка аўтамабіль Ганны Аземшы ўжо затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі Фрунзенскага раёна Мінска. Тады ў яе забралі балкноты, ручкі і іншыя канцылярскія тавары для правядзення семінара у межах праекта назірання за выбарамі. Ганна пісала скаргу, і каля тыдня таму ўсе рэчы вярнулі.