viasna on patreon

Горкі: суд прыпыніў разгляд справы супраць БелаПАН і “УзГорка”

2014 2014-04-17T23:18:08+0300 2014-04-17T23:18:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gorki-sud-uzgorak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 красавіка ў судзе Горацкага раёна быў працягнуты разгляд грамадзянскай справы па пазову старшыні Горацкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Тамары Калтуновай да ЗАТ “БелаПАН” і прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "УзГорак", якое выдае газету пад такой жа назвай.

Разгляд справы ў судзе Горацкага раёна ажыццяўляў суддзя Яскевіч Віктар Канстанцінавіч, інтарэсы пазоўніка прадстаўляла сама Тамара Калтунова і яе адвакат, загадчыца Мсціслаўскай юрыдычнай канторы Яўсеенка Ірына Міхайлаўна.

З боку адказчыкаў пры разглядзе справы ў судзе прысутнічалі карэспандэнт БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч, дырэктар ПГВУП “УзГорак” і рэдактар аднайменнай газеты Галіна Будная, а таксама юрыст ГА “БАЖ” Алег Агееў і прадстаўнік ЗАТ “БелаПАН” Сяргей Зікрацкі.

Высвятленне розных акалічнасцяў справы цягнулася ў судзе амаль увесь дзень. Абодва бакі заявілі хадайніцтвы аб неабходнасці вызваць на судовае паседжанне і заслухаць у якасці сведкаў прадстаўнікоў Горацкай раённай арганізацыі БелТІ. Па іх меркаванню, гэтыя людзі могуць даць дадатковую інфармацыю адносна судовых спрэчак паміж сябрамі раённай арганізацыі таварыства інвалідаў і старшынёй Горацкай раённай арганізацыі БелТІ Тамарай Калтуновай. Матэрыялы з гэтых судовых працэсаў сталі тэмамі распаўсюджаных БелаПАН і змешчаных у газеце “Узгорак” артыкулаў, якія і паслужылі падставай для напісання і падачы пазова ў суд Тамарай Калтуновай.

Суд задаволіў гэтыя хадайніцтвы пазоўніка і адказчыка, а таксама далучыў да справы прадстаўленыя адказчыкамі дадаткі да матэрыялаў справы.

Таксама падчас пасяджэння ў судзе былі заслуханы і высветлены пазіцыі бакоў, а таксама заслуханы выступленні прадстаўнікоў пазоўніцы і адказчыкаў.

Спадарыня Калтунова і яе прадстаўнік у судзе Ірына Яўсеенка па-ранейшаму лічаць, што перадрукаваныя "УзГоркам" матэрыялы агенцтва БелаПАН з судовых пасяджэнняў, што адбываліся ў 2013 годзе, утрымліваюць паклёпніцкія звесткі, і патрабуюць спагнаць з адказчыкаў грошы ў памеры 50 мільёнаў рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды, і апублікаваць пісьмовае абвяржэнне апублікаваных у газеце матэрыялаў.

Напрыканцы судовага пасяджэння суд вырашыў прыпыніць разгляд дадзенай грамадзянскай справы да заканчэння правядзення Горацкім раённым аддзелам Следчага камітэта праверкі па факту змены Тамарай Калтуновай пашпартных дадзеных. Выступіла з хадайніцтвам дачакацца прадстаўлення матэрыялаў праверкі сама пазоўніца Тамара Калтунова, у той час як адказчыкі выказвалі просьбу працягнуць разгляд грамадзянскай справы.

Рашэнне суда можа быць абскарджана кожным з бакоў на працягу 10 дзён.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства