viasna on patreon

Зняволеныя распавялі пра радыкальныя падыходы да выпраўлення ў ПК-9 у Горках

2014 2014-04-16T14:15:56+0300 2014-05-02T12:10:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ik-9-horki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота з сайта photopolygon.com

Фота з сайта photopolygon.com

Звесткі пра становішча асуджаных у калоніях Беларусі праваабаронцы атрымліваюць у рамках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання грамадзянаў. Праваабарончы цэнтр "Вясна" ўжо надаваў увагу праблеме выкарыстання зняволеных, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй месцаў пазбаўлення волі, для выканання “далікатных” даручэнняў. 

 

Асуджаныя Ч. і Г. былі пераведзеныя з турмы і папраўчай калоніі №20 г. Мазыра адпаведна для далейшага адбыцця пакарання ў папраўчую калонію №9, дзе ўтрымліваюцца зняволеныя, якія раней адбывалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Абодва зняволеныя не адрозніваліся ўзорнымі паводзінамі, таму не прэтэндавалі на рознага роду паблажкі - амністыю, датэрміновае вызваленне і г.д.; з той жа прычыны яны не лічылі неабходным даваць абавязацельствы пра правапаслухмяныя паводзіны. Да гэтага часу такое становішча рэчаў цалкам задавальняла абодва бакі: Ч., напрыклад, правёў па той бок плоту ўжо больш за тры дзесяткі гадоў, не ўстаючы на шлях выпраўлення, за што адміністрацыі папраўчых устаноў спраўна прадстаўлялі яго да ўзмацнення жорсткасці рэжыму ўтрымання.

Аднак у ПК-9 падыход да выпраўлення зняволеных апынуўся радыкальна іншым. Як распавялі зняволеныя, кожнага з іх пасля адмовы падпісаць абавязацельствы супрацоўнікі калоніі заводзілі ў «капцёрку», куды следам уваходзілі некалькі вязняў, якія называюць сябе «блатнымі»,і жорстка іх збівалі. Супрацоўнікі калоніі далёка не адыходзілі, прыглядаючы за навакольнай абстаноўкай, не дазваляючы нікому парушыць хаду «выхаваўчага працэсу». Тут трэба абмовіцца, што «блатныя» ў Горках адрозніваюцца ад іншых зняволеных не толькі сваёй цягай да падтрымання правапарадку сярод зняволеных, але і моцным складам цела... Кіраваў працэдурай нейкі Паповіч, які працягвае адбываць пакаранне, паводле наяўных звестак, у папраўчай калоніі г. Ваўкавыска.

Як кажуць зняволеныя, такі парадак у Горках склаўся прыкладна з 2008 года. Адміністрацыя заахвочвае гвалт «апрычнікаў» у дачыненні да асуджаных, якім жорстка караюцца як супрацьпраўныя дзеянні, накшталт валодання тэлефонам, так і адмова ад падпісання абавязацельстваў, напісанне скаргаў на дзеянні адміністрацыі. Дзіўна, але пад забаронай апынулася нават напісанне наглядных скаргаў па крымінальных справах! Пры гэтым у адміністрацыі заўсёды знойдзецца апраўданне: асобы, якія дзейнічаюць ў афіцыйнай якасці, закон нібыта і не парушалі, усё тое, што здарылася,з'яўляецца прыватным канфліктам; аднак аб'ектыўная праверка, безумоўна, выявіла б калі не перавышэнне ўлады, то крымінальна каральную бяздзейнасць службовых асобаў адміністрацыі калоніі. Ды хто яе правядзе?

Зняволеныя Ч. і Г. ненадоўга затрымаліся ў ПК-9, былі накіраваныя ў турму. Як сказаў Ч., аналізуючы свой ​​багаты вопыт, «я не ведаў, што ў Беларусі ёсць свій «Белы лебедзь» [Неафіцыйная назва папраўчай калоніі асобага рэжыму ў Пермскім краі (Расія) для асуджаных да пажыццёвага зняволення, якая адрозніваецца адным з самых жорсткіх рэжымаў у сістэме папраўчых устаноў: сярэдні тэрмін адбыцця пакаранняў да смерці зняволенага - 3-7 гадоў. - Рэд.].

У падобным становішчы апынуўся зняволены З., накіраваны ў ПК-9 для адбыцця тэрміну зняволення. Ён таксама адмовіўся падпісаць абавязацельства пра правапаслухмяныя паводзіны і выказаў адміністрацыі калоніі ўласнае меркаванне пра становішча спраў у крымінальным асяродку Беларусі. Яго меркаванне не супала з уяўленнем адміністрацыі, і справа, як у выпадку Ч. і Г., скончылася «капцёркай».

Юрыст Павел Сапелка звяртае ўвагу, што ўсе апісаныя метады адміністрацыі ПК-9 з'яўляюцца яскравым прыкладам бесчалавечнага, жорсткага, зневажаючага годнасць абыходжання з зняволенымі, якое мае таксама прыкметы катавання, што прама забаронена як нацыянальным законам, так і міжнароднымі дамовамі Беларусі, якія маюць для дзяржавы абавязковую сілу.

«У адпаведнасці з артыкулам 10 УВК Рэспублікі Беларусь, асуджаныя не павінны падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажаючаму іх годнасць абыходжанню. Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання замацавала правіла, згодна з якім кожная дзяржава павінна прадпрымаць эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры для папярэджання актаў катаванняў на любой тэрыторыі пад яе юрысдыкцыяй, абавязваецца прадухіляць іншыя акты жорсткага, бесчалавечнага або зневажаючага годнасць абыходжання і пакарання, якія не падпадаюць пад вызначэнне катаванняў. Кожная дзяржава забяспечвае любой асобе, якая сцвярджае, што была падвергнутая катаванням, права на прад'яўленне скаргі кампетэнтным уладам гэтай дзяржавы і на хуткі і бесстаронні разгляд імі такой скаргі», - нагадвае эксперт.

Пры гэтым Павел Сапелка падкрэслівае, што зняволеным безумоўна забараняецца выконваць функцыі адміністрацыі папраўчай установы. «З пункту гледжання праваабаронцаў, ніякае становішча або паводзіны асуджаных не дае адміністрацыі калоніі або асобам, насуперак закону надзеленым функцыямі адміністрацыі, права на прымяненне катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага альбо зневажаючага годнасць абыходжання».

Нагадваем, што ў рамках маніторынгу пенітэнцыярнай сістэмы ПЦ "Вясна" збірае і сістэматызуе дадзеныя пра становішча зняволеных у месцах пазбаўлення волі. У сувязі са зваротамі зняволеных, ім можа быць аказаная дапамога ў абскарджанні незаконных дзеянняў адміністрацыі месцаў зняволення. Калі гэта асобна не агаворана са зняволеным, дадзеныя пра яго не выдаюцца або легендуюццаз мэтай бяспекі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства