Бяроза: вяскоўцы не могуць знайсці, хто ўносіў вёскі ў зону знішчэння свіней
Амаль 600 вяскоўцаў з Бярозаўскага раёна звярнуліся ў ветэрынарнае ўпраўленне міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання з просьбай вывесці з 5-кіламетровай зоны ад дзяржаўных свінафермаў 3 вёскі, якія толькі ўскосна трапілі ў зону. Яны звярнуліся пасля таго, як раённыя ўлады сказалі, што вёскі, якія траіпілі ў зону, вызначаліся менавіта ў міністэрстве.
З міністэрства прыйшоў адказ, што гэтым пытаннем займаліся ўлады мясцовага ўзроўню, паведаміў былы гаспадар знішчанай фермы Аляксандр Аліхвер.
Такім чынам, застаецца пытанне: па чыім распараджэнні ў прафілактычных мэтах з-за 2 невялікіх дзяржаўных свінавермаў у вёсках Сашыца і Хойнікі былі вынішчаны свіні ў 17 вёсках?
Вынішчэнне свіней і забарона іх утрымання прывяла да збяднення вяскоўцаў, якія займаліся свінагадоўляй. І гэта ўсё рабілася ў сітуацыі, калі нават па афіцыйных дадзеных на Брэстчыне не было захворванняў на афрыканскую чуму.
Зараз вяскоўцы збіраюцца падаваць заяву ў суд на райвыканкам за парушэнні падчас знішчэння асабістых дапаможных гаспадарак.