Гродзенскія праваабаронцы абскарджваюць пакаранне за фота ў інтэрнэце
Гродзенскія праваабаронцы Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель падалі касацыйныя скаргі ў абласны суд. Яны аспрэчваюць пастановы аб вынясенні штрафаў ад 3 красавіка, вынесеныя ў адносінах да іх у РАУС Ленінскага раёну. Нагадаем, што пры разглядзе адміністрацыйных пратаколаў суддзя Наталля Козел узяла бок міліцыі і кваліфікавала размешчаныя ў інтэрнэце фотаздымкі праваабаронцаў з беларускай і ўкраінскай сімволікай у Дзень Волі 25 сакавіка як правядзенне несанкцыянаванага пікету.
Грамадскія актывісты катэгарычна нязгодныя з такой трактоўкай заканадаўства. У сваіх скаргах яны даводзяць, што не планавалі і не праводзілі ніякага масавага мерапрыемства. Усё абвінавачванне ў парушэнні заканадаўства грунтавалася толькі і выключна на размешчаных у інтэрнэце фотаздымках. На гэтай падставе Наталля Козел аштрафавала кожнага на 25 базавых велічынь.
Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель лічаць такую неадэкватную рэакцыю міліцыі і абвінаваўчы вырак суду палітычным пераследам.