На волю выйшаў палітвязень Мікалай Аўтуховіч
У турме яму двойчы прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Палітвязень адмовіўся, каб не чуць потым здзекі пра сваю "слабасць".
Як паведамляе з месца падзеяў журналіст Еўрарадыё Алесь Пілецкі, з гродзенскай турмы №1 палітвязень выйшаў каля 8-й гадзіны раніцы. Сустракаць яго пад сценамі гродзенскай турмы сабраліся блізкія, палітычныя актывісты і журналісты — агулам каля 30 чалавек.
Аўтуховіч паведаміў, што найперш хоча адпачыць пасля турмы. Аднак яшчэ сёння ён хоча здаць у шпіталі аналізы, каб даведацца пра свой стан здароўя.
Таксама ў бліжэйшых планах экс-палітвязня — высветліць сітуацыю з Саюзам афганцаў і працягнуць працу па яго стварэнні.
Мікалай Аўтуховіч распавёў журналістам, што за час зняволення яму прыйшло 2292 лісты. Прычым апошні з іх аддалі ў дзень вызвалення, 8 красавіка.
Нагадаем, што ваўкавыскі прадпрымальнік правёў за кратамі пяць гадоў. У 2009 годзе Вярхоўны суд прызнаў яго вінаватым ў незаконным захоўванні некалькіх патронаў.