Магілёўскі журналіст просіць міліцыю знайсці ўзломшчыкаў сайта “Свабодны фармат”
Адпаведную заяву Алесь Буракоў накіраваў у магілёўскую міліцыю. Ён просіць устанавіць асоб, якія ўзламалі паролі і выдалілі кантэнт сайта, каб прыцягнуць іх да аказнасці, вызначанай заканадаўствам.
У заяве незалежны журналіст паведамляе, што даменнае імя formats.by належыць яму з верасня 2012 года. Па гэтаму адрасу знаходзіўся сайт “Платформа грамадзянскай журналістыкі. Свабодны фармат”, які спыніў сваё існаванне 10 лютага 2014 года. Гэты сайт перастаў абнаўляцца, аднак існаваў у працоўным выглядзе з мэтай захавання кантэнту.
14 сакавіка рэдактар сайта згубіў над ім кантроль з-за дзейнасці нявызначаных зламыснікаў, якія ўзламалі сайт, выдалілі стары кантэнт, а таксама апублікавалі на ім два артыкулы, якія дыскрэдытуюць магілёўцаў, якія займаюцца палітыкай. У прыватнасці размова ідзе пра актывіста БНФ Сяржука Нягаціна.
Толькі 15 сакавіка ў рэдактара сайта атрымалася ўзяць над ім кантроль.
Акрамя таго, Алесь Буракоў адзначае, што невядомая асоба робіць рассылку інфармацыі магілёўскім палітыкам, журналістам і грамадскім дзеячам з электроннай скрынкі a.burakov74@gmail.com, якая яму не належыць.
Міліцыю журналіст просіць таксама ўстанавіць асобу -- аўтара гэтых лістоў і прыцягнуць яго да адказнасці, а таксама заблакаваць гэты электронны адрас.