viasna on patreon

Справа Марозава: «Не дай Бог, хоць адна мярзота прыйдзе да цябе ў суд!»

2014 2014-03-31T14:00:10+0300 2014-03-31T14:00:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marozau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Марозаў у Бухарэсце, 2007 год. Фота з сацыяльных сетак

Аляксандр Марозаў у Бухарэсце, 2007 год. Фота з сацыяльных сетак

Адзін з лідэраў фанацкага руху Барысава Аляксандр Марозаў быў арыштаваны 25 сакавіка на пяць сутак нібыта за нецэнзурную лаянку на пероне барысаўскага чыгуначнага вакзала. Ён вёз з Гродна спартыўную атрыбутыку і майкі з надпісам «Асобны атрад БНР». Аляксандра ўжо выпусцілі, атрыбутыку вярнулі, а вось майкі адправілі на экспертызу.

Што крамольнага ўбачылі супрацоўнікі Барысаўскага РУУС у тых майках, пакуль невядома. БНР – гэта абрэвіятура Беларускай народнай рэспублікі, першай беларускай дзяржавы, утворанай 25 сакавіка 1918 года. Цалкам магчыма, што адсутнасць гістарычных ведаў сярод міліцыянтаў стала прычынай такога неадэкватнага кроку з іх боку. Хаця многія назіральнікі лічаць, што справа зусім не ў майках, а ў тым, што барысаўскія футбольныя фанаты падтрымалі кіеўскі Еўрамайдан. А гэты арышт з'яўляецца запозненай помстай Аляксандру Марозаву, як адному з лідэраў мясцовага фанацкага руху.

Мы сустрэліся з Аляксандрам учора каля «Барысаў-арэны» і з першых вуснаў даведаліся пра тое, як яго затрымлівалі, як паводзіў сябе суддзя Герасімовіч і адказныя за грамадскі правапарадак у Барысаўскім раёне афіцэры міліцыі Паўлавец і Волкаў.

 «25 сакавіка ў раёне 0.50 я выйшаў з сяброўкай з цягніка ў Барысаве. З сабой быў сякі-такі стаф (рэчы. – BARYSAU.BY) са спартыўнай атрыбутыкай. На пероне мяне папрасіў спыніцца супрацоўнік лінейнага аддзела міліцыі. Спытаў, што ў мяне ў сумцы. Я адказаў, што спартовая атрыбутыка, хацеў нават адкрыць і паказаць, што нічога забароненага пры сабе ў мяне няма. Тым больш на ўсё, што ў мяне мелася, быў пры сабе чэк аб куплі. На гэта ён сказаў, што паказваць нічога не трэба і прапанаваў перайсці пуці на першы перон да вакзала. Ну не пытанне…

«ЧЭК ШУКАЦЬ НЕ ТРЭБА»

Там стаялі яшчэ два міліцыянты. Адзін прадставіўся (прапаршчык, прозвішча я не запомніў) і папрасіў дакументы. Я прад'явіў яму пашпарт. Ён паўторна пацікавіўся, што ў мяне ў сумцы і заплечніку. Я адказаў і прапанаваў яму праверыць змест, а сам у гэты час пачаў шукаць у кішэні чэк. На што гэты прапаршчык сказаў, што нічога пакуль шукаць не трэба і прапанаваў «праехаць». Пашпарт мой так і заставаўся ў яго.

Куды праехаць і для чаго, я так і не зразумеў. Тым больш, што да лінейнага аддзела, які знаходзіцца ў будынку вакзала (дзе пры жаданні супрацоўнікі маглі ўсё даглядзець) было ад сілы метраў дваццаць. Ну трэба дык трэба – паехалі.

«МНЕ НЕ ДАЗВОЛІЛІ ПАТЭЛЕФАНАВАЦЬ СЯБРАМ»

Мы прайшлі яшчэ метраў дваццаць да прывакзальнай плошчы. Там ужо чакала службовая машына, дзе было яшчэ два супрацоўніка міліцыі. Мне прапанавалі пакласці рэчы ў багажнік і сесці ў машыну. Я зрабіў і тое, і другое. Перад гэтым аддаў сяброўцы яе ключы ад дома і сказаў ехаць на таксі дахаты (час быў ужо дастаткова позні).

Селі ў машыну, паехалі. Хачу заўважыць, што ніякіх перадумоў для канфлікта не было. Супрацоўнікі вялі сябе спакойна, я таксама вёў сябе вельмі ветліва і карэктна. Па шляху ў РУУС у машыне я паспрабаваў даведацца, у чым наогул справа, але выразнага адказу так і не атрымаў. Паспрабаваў патэлефанаваць сябрам, паведаміць, што мяне затрымалі. Аднак супрацоўнікі адразу спынілі гэтую спробу і сказалі, што тэлефанаваць нікуды не трэба.

ЧАЛАВЕК У ЦЫВІЛЬНЫМ: «СВАРЫЦЦА НЕ БУДЗЕМ, ТЫ ЗАТРЫМАНЫ ЗА ДРОБНАЕ ХУЛІГАНСТВА»

Заўважу таксама, што паміж тым як я выйшаў з цягніка і тым, калі мяне даставілі ў аддзел, прайшло ад сілы хвілін дзесяць. У аддзеле мой пашпарт адразу панеслі ў дзяжурку. Адтуль я пачуў:  «Так, давайце пішыце рапарты». Мяне завялі ў кабінет для затрыманых і сказалі сядзець чакаць. За гэты час ніхто мае рэчы не аглядаў. Потым у кабінет зайшоў чалавек у цывільным, дастаў нейкія паперы пратаколаў. Сказаў мне наступнае: «Значыць так, каб мы тут з табой не лаяліся і адзін аднаму нервы не псавалі – ты затрыманы за адміністрацыйнае правапарушэнне». На маё пытанне: «Якое парушэнне?», ён адказаў: «Дробнае хуліганства».

Я пацікавіўся, што менавіта я парушыў. На гэта ён з ухмылкай на твары прачытаў ужо з ліста пратакола, што я нібыта ў раёне 0.50 (практычна 10-15 хвілін таму) знаходзячыся на чыгуначным вакзале гучна нецэнзурна лаяўся, на неаднаразовыя заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагаваў. Я натуральна сказаў, што такога не рабіў. На што ён заявіў, што ў яго ўжо ёсць гатовыя рапарты чатырох супрацоўнікаў міліцыі.

СТАРШЫ ІНСПЕКТАР ЯКІМОВІЧ: «ТЫ ЎСЁ РОЎНА НІЧОГА НЕ ДАКАЖАШ»

На маё пытанне аб тым, што на вакзале ўстаноўлены камеры і на іх запісах, у прынцыпе, ўсё відаць (як я выходжу з цягніка, як мяне спыняюць і як мы ідзем і садзімся ў машыну), ён засмяяўся і сказаў:«Што мне твае камеры, яны туды не глядзяць. Ты ўсё роўна нічога не дакажаш». Хоць я некалькі гадоў прапрацаваў на вакзале і ведаю, што як раз той участак шляху, які я прайшоў ад цягніка да службовай машыны, вельмі добра праглядаецца з некалькіх месцаў. (Потым ужо, азнаёміўшыся з пратаколам канфіскацыі, я даведаўся, што гэты чалавек старшы інспектар Якімовіч).

Пратакол затрымання я нават не стаў падпісваць. Якімовічу я нагадаў, што дадзеныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі незаконныя, як і маё затрыманне. На што атрымаў адказ: «Ты сам ведаеш, чым ты займаешся, таму не здзіўляйся». Чым менавіта я займаюся, ён не патлумачыў

Таксама я нагадаў Якімовічу, што маю права патэлефанаваць адвакату. Пасля чаго ён забраў тэлефон і сказаў: «Патэлефанаваць табе ніхто не дасць. Заўтра пасля суда патэлефануеш».

СПАЧАТКУ ПЯЦЬ ГАДЗІНАЎ У «ТЭЛЕВІЗАРЫ», ЗАТЫМ – У КАМЕРУ

Рэчы мае практычна не даглядалі, перапісалі толькі, што менавіта знаходзілася ў сумках і колькасць. Пасля гэтага мяне адвялі ў кабінет, дзе знялі адбіткі пальцаў і сфатаграфавалі. На зваротным шляху завялі ў адкрыты кабінет, дзе сядзеў начальнік аддзела аховы правапарадку Паўлавец і яшчэ нейкія супрацоўнікі. Убачыўшы мяне, ён сказаў супрацоўніку, які суправаджаў мяне: «Чаго ты яго сюды прывёў – вядзі ў камеру».

Я падпісаў пратакол канфіскацыі асабістых рэчаў і мяне завялі ў «тэлевізар». Там я знаходзіўся каля пяці гадзінаў без элементарнай магчымасці схадзіць у прыбіральню, хоць і неаднаразова прасіў пра гэта.

У раёне 7-ай раніцы мяне завялі ў двухмесную камеру. Там я знаходзіўся адзін.

СУД НЕ ПАЧЫНАЎСЯ ДА ПРЫЕЗДУ НАЧАЛЬНІКА ГРАМАДСКАГА ПРАВАПАРАДКУ ПАЎЛАЎЦА

Каля 10-ай раніцы мяне забралі адтуль і павезлі ў суд. Там ужо знаходзілася некалькі іншых затрыманых. Практычна ва ўсіх іх суд праходзіў хутка, у асноўным людзі атрымлівалі штрафы і іх выпускалі. Калі выйшаў апошні з затрыманых, я пацікавіўся, чаму да гэтага часу мяне не завялі да суддзі. Як высветлілася, усе чакалі Паўлаўца. Мне паведамілі, што маю справу будзе разглядаць суддзя Герасімовіч (справы ўсіх іншых, ужо аштрафаваных затрыманых, разглядаў іншы суддзя).

Паўлаўца чакалі каля паўгадзіны. За гэты час каля кабінета суддзі Герасімовіча я заўважыў супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Двое з іх суправаджалі мяне ноччу ў машыне з вакзалу ў РУУС, адзін прысутнічаў пры вопісе маіх рэчаў тамсама.

Калі прыехаў Паўлавец, ён некалькі разоў заходзіў у кабінет да суддзі Герасімовіча, а таксама пастаянна аб нечым інструктаваў супрацоўнікаў у цывільным.

Мяне запрасілі ў кабінет. Суддзя зачытаў пратакол майго затрымання і спытаў, ці вядома мне маё права на абарону і ці жадаю я заявіць якія-небудзь дадатковыя матэрыялы. Я адказаў, што пра сваё права на абарону я ведаю, але супрацоўнікі міліцыі адмовілі мне ў магчымасці звязацца з абаронай.

«ТОЛЬКІ БОЛЬШ, ЧЫМ ПРАЗ СУТКІ МНЕ ДАЛІ ПАТЭЛЕФАНАВАЦЬ»

Таксама я папрасіў запатрабаваць камеры відэаназірання на вакзале, даць мне магчымасць звязацца з адвакатам, а таксама з сяброўкай, якая была са мной у момант затрымання.

Герасімовіч выпісаў мне позву на 14.30 наступнага дня і сказаў, што за гэты час я магу задаволіць свае патрабаванні. Натуральна, мяне ніхто не выпусціў, павезлі назад у ізалятар.

Там Якімовіч даў мне мой тэлефон і сказаў, што я магу зрабіць тры званка. Я набраў сяброўцы, папрасіў назаўтра падысці ў суд, а таксама свайму таварышу, каб звязаўся з адвакатам.

МІЛІЦЫЯНТЫ ПАЎЛАВЕЦ І ВОЛКАЎ ПАГРАЖАЛІ МНЕ

Зноў завялі ў камеру. Увечары мяне павялі ў кабінет да начальства. Там ужо знаходзіліся супрацоўнікі Паўлавец і Волкаў.

Дадзеныя супрацоўнікі аказвалі на мяне маральны ціск і пагражалі. У прыватнасці, спрабавалі даведацца, каму менавіта я тэлефанаваў і што казаў. Пагражалі далейшымі затрыманнямі і арыштамі. Таксама даслоўна было сказана: «Не дай бог заўтра хоць адна брыда заявіцца да цябе на суд – прыпішам несанкцыянаваны мітынг, а ты пойдзеш як арганізатар». Пасля чаго суправадзілі назад у камеру.

Дапоўню, што ў канфіскаваных рэчах знаходзілася некалькі футболак з сімволікай Асобнага Атрада БНР (Беларуская народная рэспубліка. – BARYSAU.BY). Сімволіка гэтая не з'яўляецца забароненай, нацысцкай альбо апазыцыйнай. Змест малюнка не змяшчае закліку да гвалту і распальвання якой-кольвек варожасці. Мабыць, мае рэчы яшчэ раз пераглядалі, пакуль я знаходзіўся ў камеры (калі забіраў заплечнік было відаць, што ўнутры ўсё ператрэслі).

Волкаў і Паўлавец настойліва цікавіліся, што азначаюць гэтыя майкі. Я адказаў, што трэба вучыць гісторыю, каб не задаваць такіх пытанняў, а таксама прапанаваў загугліць у інтэрнэце.

«Я НЕ ПАДПІСВАЎ ПРАТАКОЛ ДОПЫТУ, ТЭКСТ НАПІСАНЫ НЕ МАІМ ПОЧЫРКАМ»

Перад судом, у раёне 11-ай да мяне дапусцілі майго адваката.

На наступны дзень у раёне 14-ай мяне павезлі ў суд. Там ужо знаходзіўся адвакат, а таксама супрацоўнікі міліцыі, якія павінны былі сведчыць супраць мяне. Каля іх пастаянна знаходзіўся Волкаў і аб нечым іх інструктаваў.
Зноў завялі ў кабінет да суддзі Герасімовіча. Ён зачытаў пратакол затрымання, а таксама нібыта мае тлумачэнні. Ніякіх тлумачэнняў у аддзяленні міліцыі я не даваў і нават не падпісваў пратакол. Аднак у «маіх» тлумачэннях было напісана, маўляў, мне нібыта не спадабалася, што на вакзале мяне хацелі даглядзець і я абмацюкаў супрацоўнікаў. І толькі цяпер нібыта аддаю сабе ацэнку, што здзейсніў неправамерныя дзеянні.

Я папрасіў звярнуць увагу суддзі Герасімовіча на тое, што паказанні напісаныя не маім почыркам, пад імі няма майго подпісу, а таксама тое, што яны не адпавядаюць рэчаіснасці. На гэта ён адказаў, што не з'яўляецца экспертам-крыміналістам, каб вызначыць, чый гэта почырк.

ЛЫСКАВЕЦ, ДУБРОЎСКІ, БАРАНОЎСКІ – МІЛІЦЫЯНТЫ, ЯКІЯ ІЛЖЭСВЕДЧЫЛІ Ў СУДЗЕ

Назаву прозвішчы герояў гэтых, міліцыянтаў, якія ілжэсведчылі супраць мяне ў судзе: Лыскавец, Дуброўскі, Бараноўскі. Чацвёртага толькі не памятаю, які чамусьці заявіў, што жыве ў будынку Барысаўскага РУУС на вуліцы Будаўнікоў.

 «УСЕ ПЯЦЬ ДЗЁН АРЫШТУ Я НЕ ЕЎ, АЛЕ АДНОСІНЫ Ў ІЗАЛЯТАРЫ БЫЛІ ДОБРЫЯ»

З першага ж дня свайго ўтрымання ў ізалятары я адмовіўся ў знак пратэсту супраць такіх дзеянняў прымаць ежу. Усе пяць сутак свайго знаходжання там я нічога не еў.

Амаль чацвёра сутак у камеры я знаходзіўся адзін. Толькі пад канец чацвёртых сутак да мяне перавялі пажылога ўжо дзядзьку.

Наогул па ізалятары прэтэнзій ані да канвою, ані да аховы не маю. У першы ж дзень скруціла жывот і падскочыла тэмпература, адразу ж адвялі да фельчара. Той нейкіх таблетак даў. Дапамагло праз некаторы час. Хуткую выклікаць не сталі, самі павезлі ў бальніцу. Там абследавалі, далі накіраванне ў інфекцыёнку, але мне ўжо і палягчэла крыху. Сказаў, што ў інфекцыёнку не паеду. Папрасілі толькі распісацца, што я сам адмаўляюся ад абследавання.

Ну і за ўвесь час стаўленне было нібыта нармальнае. Калі адмаўляўся ад ежы, канвойныя казалі, маўляў, не займайся глупствам, вазьмі паясі, сабе ж толькі горш робіш.

Паўтаруся, у ізалятары ў прынцыпе ўсё было адносна прыстойна. Не санаторый, вядома, але і не параўнаць з тым што раней было. Пра харчаванне нічога сказаць не магу, бо сам не еў, але вонкава выглядала ўсё ў норме.

Па рэчах. З канфіскаванага вярнулі ўсё, акрамя маек «Асобны атрад БНР». Іх направілі на экспертызу».

Аддзел інфармацыі barysau.by

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства