Суд не задаволіў скаргу палітвязня Мікалая Аўтуховіча
28 сакавіка суд прызнаў скаргу палітвязня Мікалая Аўтуховіча неабгрунтаванай і адмовіў у яе задавальненні. Рашэнне прынята суддзёй Ленінскага раённага суда Гародні Жанай Краўчанкай. Два папярэднія дні ў Гарадзенскай турме нумар 1 на выязным пасяджэнні адбываўся разгляд скаргі вязня на спагнанні, якімі пакарала яго адміністрацыя.
Двойчы яму далі вымову і адзін раз змясцілі ў штрафны ізалятар. Мікалай Аўтуховіч спадзяваўся, што калі скаргу задаволяць, гэта можа паўплываць на ўмовы яго жыцця пасля вызвалення.
8 красавіка заканчваецца тэрмін зняволення, і Мікалай Аўтуховіч цягам 1 года і 4 месяцаў будзе надалей знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам дома ў Ваўкавыску.
У 2009 годзе Мікалая Аўтуховіча зняволіліна пяць гадоў і два месяцы. Падставай сталі пяць паляўнічых патронаў: артыкул 295 частка 3 Крымінальнага кодэксу - «незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў».