Галоўнага рэдактара “Смаргонскага грака” апыталі ў міліцыі
25 сакавіка смаргонскія міліцыянты апыталі рэдактара маланакладнага бюлетэня “Смаргонскі грак” Алеся Дзергачова і распаўсюдніка выдання Уладзіміра Шульжыцкага адносна працы выдання і рассылкі абавязковых асобнікаў.
– Пытанні міліцыянтаў тычыліся бюлетэня “Смаргонскі грак” і рассылкі рэдакцыяй абавязковых асобнікаў у дзяржаўныя органы і архівы, – распавёў прэс-службе ГА "БАЖ" Алесь Дзергачоў.
Ніякіх пратаколаў на Дзергачова і Шульжыцкага міліцыянты не складалі, але настойліва цікавіліся рассылкай і “раілі” сп-ру Дзергачову выконваць заканадаўства.
Ці сапраўды на незарэгістраваныя маланакладныя выданні, у тым ліку звычайныя бюлетэні, распаўсюджваецца абвязак рассылкі “кантрольных асобнікаў” дзяржаўным органам?
Намеснік старшыні ГА «БАЖ” Андрэй Бастунец перакананы, што патрабаванне рассылкі выданняў кшталту “Смаргонскага грака”, – неправамоцнае.
“Паводле Палажэння пра абавязковы бясплатны асобнік, зацверджанага Саветам Міністраў РБ у 2008 г., "вытворца абавязковага асобніка" – гэта юрыдычная асоба РБ, замежная арганізацыя, індывідуальны прадпрымальнік, зарэгістраваны ў РБ, які ажыццяўляе выдавецкую і (альбо) паліграфічную дзейнасць. У Палажэнні не ідзе гаворкі пра фізічных асобаў, якія выдаюць не падлягаючыя рэгістрацыі СМІ без утварэння рэдакцыі – суб’екта гаспадарання і без вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці. Калі ж фізічныя асобы друкуюць такія выданні ў друкарні, то рассылкай “кантрольных асобнікаў” займаецца сама друкарня”. (Больш разгорнуты каментар юрыста на гэтую тэму можна знайсці ў рубрыцы "Права і СМІ".)
Бюлетэнь «Смаргонскі грак» выдаецца нерэгулярна на працягу трох гадоў накладам 299 асобнікаў. Рэдактар — смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў.
Нагадаем, што 20 сакавіка жыхара Смаргоні Уладзіміра Шульжыцкага затрымалі ў фае аднаго з інтэрнатаў горада з 31-м асобнікам бюлетэня. У той жа дзень міліцыя правяла «агляд жылля» маладога чалавека, дзе быў знойдзены яшчэ адзін асобнік выдання. Асноўнай тэма затрыманага нумару было абгрунтаванне адмовы смаргонскіх сябраў Партыі БНФ ад удзелу ў мясцовых выбарах.