Пятру Кучуру адмянілі турэмны рэжым
25 сакавіка Людміла Кучура паведаміла Праваабарончаму цэнтру «Вясна», што рашэнне суду ад 26 снежня 2013 г. аб пераводзе асуджанага Пятра Кучуры на тры гады строгага турэмнага рэжыму адмененае.
Пра гэта яна даведалася з тэлефоннай размовы з мужам. «Гутарка наша была непрацяглай, літаральна на дзве хвіліны. Ён сказаў, што добра, што я не паспела яму адправіць пасылку, бо яго пераводзяць у следчы корпус. А адтуль, мабыць, у калонію - праўда, пакуль не зразумела, у якую», - распавяла Людміла Міхайлаўна.
Яна адзначае, што знаходзіцца ў разгубленасці і лічыць, што пакуль рана радавацца: неабходна высветліць, што паслужыла падставай для адмены судовага рашэння.
Нагадаем, што ў турму № 4 г. Магілёва Пётр Кучура быў пераведзены з папраўчай калоніі № 15 30 снежня мінулага года. У той момант Людміла Кучура з дапамогай праваабаронцаў «Вясны» дамагалася пакарання для адміністрацыі і персаналу калоніі за катаванні ў дачыненні да зняволенага. Далей праваабаронцы дапамагалі абскардзіць рашэнне суда аб узмацненні жорсткасці рэжыму адбыцця пакарання для Пятра Кучуры, што, верагодна, і дало свае вынікі.
Але жонка зняволенага не збіраецца спыняцца на дасягнутым - вычарпаўшы ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, яна накіроўвае ў Камітэт па правах чалавека ААН скаргу па факце атручвання яго ў ПК-15 хлоркай, якая магла быць прымененая да асуджанага наўмысна як сродак катавання, жорсткага, бесчалавечнага абыходжання.
У скарзе, падрыхтаванай з дапамогай праваабаронцаў «Вясны», яна просіць «прызнаць парушэнне дзяржавай права Пятра Кучуры згодна з артыкулам 7, пунктам 2 артыкула 10 і агульных юрыдычных абавязацельстваў па артыкуле 2 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, прызначыць справядлівую кампенсацыю».
Людміла Кучура лічыць магчымым патрабаваць ад дзяржавы грашовай кампенсацыі маральнай шкоды, што выразілася ў фізічных і маральных пакутах мужа. Бо атручванне хлоркай уПК-15 займела наступствы для здароўя зняволенага. У лісце да жонкі ў лютым гэтага года ён апісваў свой стан пасля атручвання: «у мяне яшчэ трое сутак усё гарэла ўнутры», «пасля 19 верасня ў мяне яшчэ трое сутак з носа цякла густая вадкасць ... праз некаторы час гэтая "вада" змянілася макроццем, і яно дагэтульу мяне багата выдзяляецца ... пасля ўсяго гэтага мне стала цяжка дыхаць і вельмі часта пачала балець галава». Па прыбыцці ў турму № 4 г. Магілёва Пятру Кучуру правялі планавую флюараграфію грудной клеткі, пасля чаго ўрач-рэнтгенолаг выклікаў яго для паўторнага здымка і правёў яшчэ дадатковыя даследаванні. Пасля прагляду здымка лекар сказаў, што захворвання на сухоты няма, але ёсць "нешта незразумелае". Пётр Кучура паведаміў пра гэта на прыёме ў лекара-тэрапеўта, які на словах не адмаўляў, што магчыма на лёгкіх засталіся сляды хімічнага ўздзеяння. Але нейкага лячэння ў сувязі з гэтым Пётр Кучура не атрымаў.
Як паведамляецца ў скарзе ў ААН, «Пётр Кучура адчувае працяглы фізічны боль; адсутнасць медыцынскай дапамогі або абследвання выклікала і падтрымлівае страх, пачуццё невядомасці і няўпэўненасці, паніку».
На думку Людмілы Кучура, яе выпадак можа паслужыць пазітыўным прыкладам для многіх грамадзянаў, якія сутыкнуліся, падобна іх сям'і, з беззаконнем. «Не трэба баяцца - трэба змагацца за сваіх блізкіх. У беларускіх калоніях і турмах адбываюцца страшэнныя рэчы, людзей збіваюць і нават забіваюць, - кажа яна. - Калісьці ў Адміністрацыі прэзідэнта мне сказалі, што там не звяртаюць увагі на ўсе «рэкамендацыйныя» звароты, якія паступаюць у МЗС з міжнародных арганізацый. Але я лічу, што ўсё гэта мае сэнс. Адназначна, трэба выносіць гэтае смецце з хаты, каб у краіне было чысцей. У рэшце рэшт, можа быць улада задумаецца над тым, што не варта пераходзіць гэтую грань».