viasna on patreon

Вынікі мясцовых выбараў: 88% акругаў - безальтэрнатыўныя (відэа)

2014 2014-03-24T12:09:25+0300 2014-03-25T08:23:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/press-vybary-2014-vynik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Гулак і Валянцін Стэфановіч

Алег Гулак і Валянцін Стэфановіч

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" падвялі вынікі кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 27-га склікання. 

 

Па словах намесніка старшыні ПЦ "Вясна" Валянціна Стэфановіча, выбары прадэманстравалі застарэлыя праблемы заканадаўства. Рэкамендацыі і беларускіх, і замежных назіральнікаў па-ранейшаму ігнаруюцца Цэнтрвыбаркамам і выбарчымі камісіямі.

 

У межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" працавала 30 доўгатэрміновых і 220 кароткатэрміновых назіральнікаў.

 

На этапе фарміравання выбарчых камісіяў праявіўся селекцыйны падыход, часта членаў камісіі прымалі спісам, без абмеркавання. Многіх назіральнікаў не дапускалі на паседжанні, дзе фарміраваліся выбарчыя камісіі. Паколькі ў выбарчым заканадаўстве дагэтуль не вызначаныя крытэрыі, паводле якіх абіраюцца члены камісій, абскарджваць канчатковае рашэнне ў судзе праблематычна.

 

На этапе рэгістрацыі кандыдатаў назіральнікі сутыкнуліся з тым, што іх не дапускалі да працэдуры праверкі подпісаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі.

Найбольш адмоваў у рэгістрацыі ў Мінску (20%), у сельскай мясцовасці зарэгістравалі амаль усіх прэтэндэнтаў.

 

Па выніку 88% выбарчых акругаў на мясцовых выбарах апынуліся безальтэрнатыўнымі, на 2 акругах выбары наогул не адбыліся, там іх будуць праводзіць паўторна.

 

Сёлета кандыдатам у мясцовыя саветы дэпутатаў упершыню дазволілі фарміраваць выбарчыя фонды. Паводле зменаў у Выбарчы кодэкс, усю агітацыйную кампанію кандыдаты павінны праводзіць за кошт сабраных у фонд сродкаў. Максімальны памер фонда - 30 б.в. (на сёння - 3.9 млн. рублёў). Па меркаванні Валянціна Стэфановіча, гэта недастатковы памер для паўнавартаснай выбарчай кампаніі. У выніку выбары прайшлі амаль незаўважна. Многія кандыдаты праз адсутнасць сродкаў павінны былі абіраць або выпускаць і распаўсюджваць улёткі, або друкаваць сваю праграму ў газеце. Усё гэта не спрыяе інфармаванасці грамадзянаў, якія ў дзень галасавання павінны зрабіць выбар паміж некалькімі кандыдатамі.

 

Некаторыя кандыдаты сутыкнуліся з перашкодамі ў правядзенні агітацыйнай кампаніі. Напрыклад, Леанід Дубаносаў з Мікашэвічаў, канкурэнтам якога быў дырэктар завода "Граніт", не змог правесці ніводнай сустрэчы з выбаршчыкамі.

А мінскаму кандыдату Іллі Дабратвору вынеслі папярэджанне і канфіскавалі ўлёткі. Інфармацыю пра палітвязняў на ўлётках камісія палічыла паклёпам на службовых асобаў, а лозунг "Не вайне" адносна украінска-расійскага канфлікту ўспрыняла як распальванне варожасці паміж братэрскімі рускім і беларускім народамі. 

 

Што датычыцца падліку галасоў, то старшыня Беларускага хельсінкскага камітэту Алег Гулак адзначыў, што разыходжанне ў выніковых лічбах паміж інфармацыяй ад назіральнікаў і афіцыйнай інфармацыяй складае 20.1%. 98% назіральнікаў кампаніі сутыкнуліся з перашкодамі пры ажыццяўленні сваёй дзейнасці, 93% адзначылі, што адлегласць да стала, дзе лічылі білютэні, была настолькі вялікай, што не дазволіла ўбачыць, як праходзіў падлік.

 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Вынікі мясцовых выбараў: 88% акругаў - безальтэрнатыўныя (відэа)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства