viasna on patreon

Суд Клімавіцкага раёна адмяніў пастанову аб спыненні адміністрацыйнай справы адносна ўчастковага інспектара

2014 2014-03-19T22:09:25+0300 2014-03-19T22:09:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marchanka-alena.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алена Марчанка

Алена Марчанка

Суддзя суда Клімавіцкага раёна Таццяна Іваненка 17 сакавіка разгледзела скаргу жыхаркі вёскі Дамамерычы Клімавіцкага раёна Алены Марчанкі аб адмене пастановы Клімавіцкага РАУС ад 28 студзеня аб спыненні справы аб адміністрацыйных правапарушэннях адносна малодшага ўчастковага інспектара Клімавіцкага РАУС Панасенка Вадзіма Станіслававіча за адсутнасцю ў дзеяннях апошняга прыкметаў складу адміністрацыйнага правапарушэння.

У выніку разгляду справы суддзя пастанавіла адмяніць пастанову намесніка начальніка ООПП Клімавіцкага РАУС Васілеўскага аб спыненні адміністрацыйнай справы адносна малодшага ўчастковага інспектара Панасенкі і накіраваць матэрыялы на новую падрыхтоўку справы да разгляду.

У сваёй пастанове суддзя адзначыла шматлікія парушэнні пры вынясенні пастановы аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах малодшага ўчастковага інспектара Панасенка В. С. у Клімавіцкім РАУС.

Алена Марчанка кажа, што яна будзе дабівацца таго, каб участковага інспектара міліцыі старшыну міліцыі Панасенка В. С. прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па артыкулу 9.2 КаАП (паклёп). Спадарыня Марчанка адзначае, што суд Клімавіцкага раёна прыняў узважанае рашэнне, адмяніўшы вынесеную ў Клімавіцкім РАУС пастанову і накіраваўшы матэрыялы на новую падрыхтоўку справы да разгляду.

Нагадаем, што раней Алена Марчанка ўжо прасіла прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці па артыкулу 9.2 КаАП (паклёп) участковага інспектара Клімавіцкага РАУС Панасенку В. С. Нагодай паслужыла тое, што на паседжанні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага раёна 8 студзеня 2014 года была публічна агалошаная напісаная ўчастковым характарыстыка, якая ўтрымлівала, на думку Алены Марчанка, заведама ілжывыя і ганьбячыя яе звесткі. У прыватнасці, у шэрагу з іншым, у характарыстыцы ўчастковы інспектар напісаў, што Алена Марчанка “схільная да ілжы і паклёпу”.

Сама Алена Марчанка выказала нязгоду з гэтым сцвярджэннем супрацоўніка міліцыі і ў якасці доказу прывяла той факт, што яна ні разу не прыцялася да адміністрацыйнай, грамадзянскай ці дысцыплінарнай адказнасці за распаўсюд ілжывай альбо паклёпніцкай інфармацыі.

Таксама спадарыня Марчанка спасылалася на папярэднюю характарыстыку таго ж участковага Панасенкі, у якой ён характэрызаваў яе як спакойнага, ураўнаважанага чалавека, які не ўчыняе скандалаў па месцы жыхарства, характэрызуецца здавальняюча і да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягвалася.

У адказ на сваю заяву Алена Марчанка атрымала ўведамленне з Клімавіцкага РАУС № 180 за подпісам намесніка начальніка РАУС А. І. Кавалёва, у якім ён паведаміў спадарыні Марчанка, што па матэрыялах праверкі вынесена пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах малодшага ўчастковага інспектара Панасенка В. С. у сувязі з адсутнасцю складу правапарушэння ў дзеяннях апошняга.

Супрацьстаянне спадарыні Марчанкі з мясцовымі ўладамі пачалося пасля таго, як яна выступіла супраць знішчэння сваіх свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы свіней.

Алена Марчанка займаецца свінагадоўляй, каб былі грошы аплочваць лячэнне сына, які з’яўляецца інвалідам з дзяцінства.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства