viasna on patreon

Назіральнікі фіксуюць парушэнні на выбарчых участках у Віцебску

2014 2014-03-18T22:28:03+0300 2014-03-18T22:28:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicyjavybuchastak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Большасць назіральнікаў адзначае, што на час абедзеннага перапынку скрыні для галасавання пакідалі пад аховай міліцыі не апячатанымі.

Праваабаронца Павел Левінаў стаў сведкам такога парушэння:

"Падчас майго назірання на ўчастку №40 у Першамайскім раёне я заўважыў, як жанчына прыйшла галасаваць і пачала пра нешта цішком перамаўляцца з сябрамі камісіі. Прыслухаўся: аказваецца, яна хацела прагаласаваць не толькі за сябе. Але тут высветлілася, што яна ў спісах суседняга ўчастка -- №39. Жанчына пайшла туды, я за ёй… Паспеў якраз убачыць, як ёй выдавалі камплект бюлетэняў для двух асобаў. Усе адзнакі ў іх яна ставіла, нават не заходзячы ў кабіну, а заўважыўшы мяне, пачала хутка складаць паперкі.. У выніку ледзьве змагла ўвапхнуць іх у вузкую шчыліну, і ў празрыстай скрыні добра відаць, што складзеныя бюлетэні – гэта не адзін камплект, які мусіць выдавацца асабіста выбаршчыку, а некалькі".

Вадзіму Кузьміну, які прысутнічаў у якасці назіральніка на ўчастку №35, што ў Першамайскім раёне, выбарчая камісія адмовілася паведаміць звесткі пра колькасць выбаршчыкаў, колькасць бюлетэняў і колькасць тых, хто хоча прагаласаваць на даму.

Вадзім Кузьмін распавядае:

"Я напісаў скаргу на імя старшыні ўчастковай камісіі, што ўтойванне гэтых лічбаў разглядаю як стварэнне магчымасцяў для парушэння закону і фальсіфікацыі выбараў. Не магу ўстрымацца, каб не працытаваць адказ старшыні Ігара Керасёва. Ён напісаў літаральна наступнае: "этот фальшивый и гнусно поганый опус я оставляю без удовлетворения и рассматриваю его как попытку создания препятствий для проведения выборов".

Гэты "адказ" старшыні ўчастковай камісіі Вадзім Кузьмін накіраваў на разгляд у пракуратуру і абласную выбарчую камісію. Давялося накіраваць туды адразу некалькі скаргаў. Адна з іх – на сумнёўныя ўмовы захавання скрыні з для бюлетэняў, працягвае актывіст:

"Участак №35 месціцца ў доме 25\2 па вуліцы Чкалава, гэта спартова-культурны цэнтр "Единство" пры ЖЭУ №21. Уласна ўчастак знаходзіцца ў спартовай зале. Калі яго зачынялі на абедзенны перапынак, я спытаўся, як будзе захоўвацца скрыня. Мне сказалі, што тут і будзе, пад аховай міліцыянта. Я вырашыў дзяжурыць таксама, ужо пад дзвярыма. І ўбачыў, што ў 15.30 да дзвярэй памяшкання падыйшоў чалавек з "дыпламатам". Мне ён сказаў, што ён "манцёр", а потым пастукаўся, і міліцыянт яго пусціў унутр! Калі праз некалькі хвілін з'явіліся старшыня і сябры камісіі, я пра гэта ім паведаміў. Старшыня камісіі зноў пачаў папракаць мяне ў грубай форме за "спробы сарваць выбары". Але як толькі ён зайшоў туды, невядомы чалавек з "дыпламатам" выскачыў з памяшкання і кінуўся на ўцёкі. У памяшканні, дзе не мусілі знаходзіцца пабочныя асобы, ён прабыў амаль паўгадзіны. Але мне не далі праверыць, ці цэлыя пломбы на скрыні для галасавання. І ўвогуле пасля гэтага інцыдэнту стаўленне да мяне стала больш жорсткім. Мне нават забаранілі падымацца з месца, каб нешта ўбачыць на ўчастку".

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства