viasna on patreon

Грамадзяне адмаўляюцца ісці на выбары: "Навошта галасаваць за дэмагогаў, якія ігнаруюць нас і законы"

2014 2014-03-18T23:44:00+0300 2014-03-18T18:49:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vybary-gramadziane-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пад зваротам да прэзідэнта і старшыні ЦВК падпісаліся 42 чалавекі

Пад зваротам да прэзідэнта і старшыні ЦВК падпісаліся 42 чалавекі

18 сакавіка група грамадзянаў з розных рэгіёнаў Беларусі заявіла пра сваю адмову ад удзелу ў маючых адбыцца мясцовых выбарах. На сустрэчы з журналістамі ў Мінску яны распавялі пра свае прычыны недаверу да «кішэнных» дэпутатаў.

Гэтыя людзі, пацярпелыя ад беззаконня ў судах, пракуратуры, міліцыі, з 2006 года дзейнічаюць разам, дамагаючыся перагляду грамадзянскіх і крымінальных спраў у дачыненні да сябе або сваіх блізкіх. І, як распавяла падчас сустрэчы прадстаўнік групы Людміла Кучура, іх рашэнне ігнараваць выбары стала зваротнай рэакцыяй на просьбу кіраўніка дзяржавы да беларусаў праявіць актыўнасць на маючых адбыцца выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.


Адпаведны зварот з выкладаннем сваёй пазіцыі грамадзяне накіравалі Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку і Старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіі Ярмошынай.


Людміла Кучура зачытвае зварот да прэзідэнта і старшыні ЦВК

Сустрэча з журналістамі праходзіла ў офісе кампаніі "Гавары праўду!"

 

«Усе гэтыя гады мы неаднаразова ў прыватным парадку і калектыўна звярталіся да сваіх тэрытарыяльных дэпутатаў, да старшыні і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, членаў Савета Рэспублікі. За гэтыя гады ніхто з іх так і не вырашыў ніводнага пытання ні па адной з нашых справаў. Усе іх адпіскі зводзіліся да таго, што гэта не ў іх кампетэнцыі. Тады што ў іх кампетэнцыі? Распрацоўваць і зацвярджаць ганебныя законы, якія ідуць у разрэз з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і якія пагаршаюць становішча грамадзянаў краіны?

Кожны з іх, да каго мы звярталіся, мог дамагчыся, каб нашыя крымінальныя і грамадзянскія справы былі разгледжаныя згодна з заканадаўствам. Для гэтага ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, члена Савета Рэспублікі» ёсць артыкул 21 «Удзел дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі ў праверках дзяржаўных органаў, органаў грамадскіх аб'яднанняў, установаў, арганізацый і прадпрыемстваў» і артыкул 22 «Права дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі патрабаваць ліквідацыі парушэння законнасці».

Бо, згодна з артыкулам 30 Закона «Аб статусе дэпутата...», «ніхто не мае права абмяжоўваць канстытуцыйныя паўнамоцтвы дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі».

Але самі ж дэпутаты ігнаруюць свой ​​жа Закон, і гэта нядзіўна, бо многія з іх - былыя суддзі, пракуроры.

Фактычна зведзенаяда нуля роля назіральнай камісіі пры мясцовых выканаўчых і распарадчых органах ў выпраўленні асуджаных, а таксама ў ажыццяўленні грамадскага кантролю за дзейнасцю органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці. На справе ж яны ператварыліся ў прыдатак адміністрацыі ПК.

У выніку, ні дэпутаты мясцовых Саветаў, ні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, ні члены Савета Рэспублікі не выкарыстоўваюць ўладу, дадзеную ім Законам, на карысць грамадзянаў краіны. Яны выкарыстоўваюць яе на карысць купкі,якая ўтрымлівае ўладу. Таму няма сэнсу нам, грамадзянам, падтрымліваць гэтых «кішэнных» дэпутатаў», - гаворыцца ў прыватнасці ў дадзеным звароце.

Таксама гэтая група грамадзянаў адмаўляецца ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, паколькі, на іх меркаванне, за 20 гадоў кіравання дзеючая ўлада абсалютна дэградавала, а парушэнне канстытуцыйных правоў і свабодаў чалавека, прынцыпу вяршэнства закона стала нормай.

Пад зваротам да прэзідэнта і старшыні ЦВК свае подпісы паставілі 42 чалавекі з розных рэгіёнаў Беларусі. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства