viasna on patreon

Блогера Алега Жалнова аштрафавалі на 45 базавых велічынь

2014 2014-03-18T14:31:31+0300 2014-03-18T14:31:31+0300 be

Бабруйскі раённы суд 17 сакавіка аштрафаваў мясцовага блогера на 5.850.000 рублёў за размешчаны на Youtube запіс з прыёму грамадзян службовай асобай.

Дзеянні Алега Жалнова былі кваліфікаваныя як парушэнне арт. 23.4 КаАП – «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў».

30 студзеня 2014 года блогер быў запісаны і з’явіўся на прыём да начальніка УУС Бабруйскага гарвыканкама Аляксандра Васільева.

Прыём вёўся на першым паверсе УУС, у кабінеце, што знаходзіцца ў грамадскім фае.

Дзяжурны па УУС запатрабаваў ад блогера здаць перад прыёмам практычна ўсе яго асабістыя рэчы, паінфармаваўшы, што ў адваротным выпадку на прыём яго не дапусцяць.

Блогер вымушаны быў падпарадкавацца, здаў мабільны тэлефон, відэакамеру і нэтбук у камеру захоўвання, нядаўна ўсталяваную ў бабруйскім УУС.

Тым не менш, пазней у сетцы інтэрнэт з'явіўся відэазапіс таго, як вёўся прыём Жалнова начальнікам УУС. Праўда, у кадры практычна няма асоб і абстаноўкі, а чутныя толькі галасы прысутных.

Пабачыўшы гэты запіс у сеціве, УУС вырашыла прыцягнуць блогера да адказнасці за непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы. Гэта значыць – за тое, што перад прыёмам у начальніка УУС ён нібыта не здаў па патрабаванні дзяжурнага ўсе сродкі аўдыё- і відэазапісу.

Адбыліся тры судовыя слуханні. У якасці сведак былі апытаныя: афіцэр міліцыі, які дзяжурыў па УУС 30 студзеня 2014 г., начальнік УУС і іншыя супрацоўнікі УУС, якія прысутнічалі на прыёме грамадзян і выявілі затым запіс на Youtube.

Сведкі з боку абвінавачвання спасылаліся на загад міністра ўнутраных спраў № 185 («для службовага карыстання») і інструкцыю-дадатак да яго, якія нібыта дазваляюць ім патрабаваць ад грамадзян пры наведванні УУС здаваць усе гука-і відэазапісвальныя прылады, у тым ліку мабільныя тэлефоны.

Алег Жалноў будаваў сваю абарону на тым, што Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь вызначана права грамадзян на збор, захоўванне і распаўсюд інфармацыі, якая не з'яўляецца дзяржаўнай, ваеннай або камерцыйнай таямніцай. Афіцыйны ж прыём службовай асобы, якой з'яўляецца начальнік УУС, не можа быць «таемным» і «засакрэчаным», – даводзіў Жалноў.

Паколькі загад міністра ўнутраных спраў «для службовага карыстання», на які спасылаліся прадстаўнікі УУС, не зарэгістраваны ў рэестры дзяржаўных актаў, то ён не з'яўляецца нарматыўна-прававым дакументам, абавязковым для выканання грамадзянамі.

Акрамя таго, даказваў Жалноў, існуе Пастанова Савета міністраў, у адпаведнасці з якой усе датычныя грамадзян нарматыўна-прававыя акты павінны быць апублікаваныя і мець адкрыты статус.

Нягледзячы на гэтыя аргументы, суддзя Наталля Шэгеда, выслухаўшы бакі, пастанавіла аштрафаваць блогера на 45 базавых велічынь.

Алег Жалноў мае намер абскарджваць гэтае рашэнне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства