Інфармацыя пра кандыдата ад Партыі БНФ Іллю Дабратвора наўмысна замоўчваецца?
На сайце Адміністрацыі Заводскага раёна Мінска, дзе, згодна з выбарчым заканадаўствам павінны быць змешчаныя звесткі пра кандыдатаў у дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання, чамусці адсутнічаюць біяграфічныя звесткі пра Іллю Дабратвора. І гэта пры тым, што 18 сакавіка ў Беларусі пачынаецца папярэдняе галасаванне.
Кандыдат ад Партыі БНФ Дабратвор балатуецца па Ахоцкай выбарчай акрузе № 1.
Ягонымі канкурэнтамі з’яўляюцца Ларыса Давыдзенка (Камуністычная партыя Беларусі), Аляксандр Рудакоўскі (Ліберальна-дэмакратычная партыя), ды Ігар Русакевіч (Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя).
А вось чаму Завадская раённая выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў Мінгарсавета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання не праінфармавала аб усіх чатырох зарэгістраваных кандыдатах – застаецца толькі здагадвацца. Як і аб тым, чаму ў кандыдата ў дэпутаты Мінгарсавета ад Партыі БНФ Ільлі Дабратвора, які 16 сакавіка праводзіў перадвыбарчы пікет каля Камароўскага рынку ў Менску, незаконна канфіскавалі каля 200 афіцыйных перадвыбарчых улётак.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".