viasna on patreon

Горкі: чарговая спроба ціску на альтэрнатыўнага кандыдата ў дэпутаты

2014 2014-03-15T11:12:47+0300 2014-03-15T11:12:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bazko-andrej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кандыдат у дэпутаты Магілёўскага аблсавета па Горацкай сельскай выбарчай акрузе №18 Андрэй Бажко зноў кажа пра тое, што сябры акруговай выбарчай камісіі Горацкай сельскай выбарчай акругі №18 адносяцца да яго перадузята.

Па словах Андрэя Бажко, сябры камісіі зрабілі яму вуснае папярэджанне за быццам бы распаўсюд перадвыбарчых улётак без выходных дадзеных. Сам кандыдат у дэпутаты сцвярджае, што такіх улётак не вырабляў і не распаўсюджваў. Больш за тое, ён нават яшчэ не забіраў з друкарні тыя ўлёткі, якія замовіў праз выбарчы рахунак.

“У акруговай камісіі мне паказалі адну нейкую ўлётку без выходных дадзеных, папярэдзілі, што калі будуць далейшыя парушэнні, будуць здымаць мяне з выбараў, - распавядае Андрэй Бажко. – Між тым, я яшчэ нават не забіраў свае перадвыбарчыя ўлёткі, якія замовіў у друкарні праз выбарчы рахунак. Пасля такой вось размовы ў акруговай камісіі я пайшоў у Горацкую пракуратуру, распавёў там пра ўзніклыя ў мяне праблемы, пры гэтым нейкай пісьмовай заявы не падаваў. Як ні дзіўна, пасля гэтага стаўленне да мяне змянілася і ў акруговай выбарчай камісіі Горацкай сельскай выбарчай акругі №18. Там ужо заяўляюць, што не папярэджвалі мяне пра зняццё з выбараў, а проста паразмаўлялі”.

Андрэй Бажко не выключае, што, магчыма, такое вось уважлівае стаўленне да яго як кандыдата ў дэпутаты аблсавета з боку акруговай камісіі звязана з тым, што адна кіраўнікоў гэтай камісіі з’яўляецца падначаленай аднаго з яго канкурэнтаў.

Разам з Андрэем Бажко ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Горацкай сельскай выбарчай акрузе №18 балатуюцца начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Горацкага райвыканкама Святлана Браніцкая і старшыня прафкама пярвічнай арганізацыі студэнтаў БДСГА Віталій Сідзюк.

Незалежны кандыдат у дэпутаты адзначае, што ў раённай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Горацкага райсавета ў яго ніякіх праблемаў не ўзнікае (Андрэй Бажко таксама балатуецца кандыдатам у дэпутаты Горацкага райсавета па Кіраўскай выбарчай акрузе з аналагічным №18).

Неабходна адзначыць, што на адным з інтэрнэт-рэсурсаў, які грамадскія актывісты Магілёўскай вобласці ведаюць як негалосны рупар мясцовых “байцоў нябачнага фронту”, з’явілася інфармацыя паклёпніцкага зместу пра Андрэя Бажко, а таксама і пра шэраг іншых незалежных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў Магілёўскай вобласці. Такі ўсплеск актыўнасці слаўных працаўнікоў на ніве паклёпу і правакацыі мясцовыя дэмакратычныя актывісты звязваюць з маючымі адбыцца выбарамі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства