Анатоля Лябедзьку чакае суд
7 лютага старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку выклікалі ў РАУС Савецкага раёна Менску для дачы тлумачэнняў па факту правядзення пікета салідарнасці з Украінай, які адбыўся ў мінулыя выходныя ў Менску каля Камароўскага рынку.
Пра далейшыя падзеі сайту ucpb.org распавёў Анатоль Лябедзька:
«Супрацоўнік міліцыі па прозвішчу Белы ўзяў тлумачэнні. Я сказаў, што насамрэч наш спікер Артур Фінькевіч падаў заяўку з фактам рэгістрацыі запісу ў журнале. Аднак у міліцыі няма інфармацыі аб тым, што была пададзена заяўка. І не правёўшы апытанне таго ж самага Фінькевіча, яны на месцы склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні – арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства. Потым выдалі позву ў суд на сераду а 10-й гадзіне».
Па меркаванні Анатоля Лябедзькі, «гэта яшчэ адно пацвярджэнне, што ні пра якія выбары размова не ідзе».
«Гэта ёсць рэакцыя на пасланне Аб’яднанай грамадзянскай партыі, вельмі жорсткае ў адносінах да ўладаў, – кажа Анатоль Лябедзька. – Фактычна ўсе пікеты з маім удзелам, незалежна ад таго, дзе яны былі – ў Гародні, Бярэсці ці Менску, пасля праходзяць «зачыстку» з боку сілавых структур.
Падчас майго знаходжання ў пастарунку там быў і намеснік кіраўніка Савецкага РАУС Невяроўскі. Ён цікавіўся, чаму мы выйшлі з плакатамі ў падтрымку Украіны, калі іншыя, хто стаяў на пляцы, гаварылі пра нейкія ямкі на дарозе і т.п. У прыклад ён прывёў «Гавары праўду!» і «Белую Русь». Маўляў, вось гэтыя праводзяць, і з імі няма ніякіх праблем, а з вамі – такія праблемы. Далей ўзгадалі Германію часоў Адольфа Гітлера і што такое закон і Канстытуцыя. Так што, ёсць адзін пазітыў – тое, што я правёў такую прафілактычную працу з супрацоўнікамі міліцыі. А суд будзе».