viasna on patreon

Бабруйск: дыскрымінуеш свабодны прафсаюз - балатуйся ў аблсавет!

2014 2014-03-06T14:38:07+0300 2014-03-06T14:38:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vybary-2014-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сталі вядомыя імёны кандыдатаў у дэпутаты абласнога Савета па Бабруйску. Як і ў выпадку з кандыдатамі на крэслы ў гарсавет, у асноўным гэта людзі, якія займаюць высокія пасады у арганізацыях і на прадпрыемствах.

Трапіў у спіс кандыдатаў і дырэктар БЗ ТДіА (завод трактарных дэталяў і агрэгатаў) Аляксандр Аграновіч, з якім звязаныя шматлікія выпадкі дыскрымінацыі сябраў Свабоднага прафсаюза беларускага. Нагадаем, на прадпрыемстве ідуць масавыя скарачэнні "свабодаўцаў", іх пазбавілі памяшкання, ільгот, магчымасці займацца ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Таксама на ТДіА прынята ігнараваць нязручныя рашэнні суда, як было ў выпадку з разблакіроўкай пропуска старшыні пярвічкі Міхаіла Кавалькова і выплаты квартальнай прэміі. Усе гэтыя праблемы, сцвярджае прафсаюзны лідэр, пачаліся ў "свабодаўцаў" менавіта пасля таго, як пост гендырэктара завода заняў Аляксандр Аграновіч.

Сярод 26 кандыдатаў - трое сябраў ЛДП: галоўны бухгалтар "БелНовоСтрой" і дырэктар "СтройМирТорг" у адной асобе Анастасія Русава, кантралёр КПП кіравання пазаведамаснай аховы службы бяспекі ААТ «Белшына» Уладзімір Загрышаў, індывідуальны прадпрымальнік Уладзімір Яўсеенкаў (абодва былі кандыдатамі на апошніх парламенцкіх выбарах). Кампанію ім складзе сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, апальшчык ТАА "Версадо Групп" Віктар Дзедушкін.

Іншыя кандыдаты, гэта ў асноўным дырэктары прадпрыемстваў, загадчыкі, начальнікі. Напрыклад, патрапіць у аблсавет жадае і без таго вялікі абласны начальнік Анатоль Сінкавец: ён займае пасаду начальніка галоўнага упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама. Таксама балатуецца памочнік дзеючага дэпутата ПП НС Мікалая Плаксіцкага - Валерый Лебядзенка. Дырэктар мясакамбіната Андрэй Ісайчанка ўжо быў дэпутатам гарсавета, але вырашыў пайсці вышэй.

Сярод кандыдатаў начальнік бабруйскага вузла электрасувязі магілёўскага філіяла "Белтэлекам" Аляксанд Бабцоў, в/а першага сакратара Ленінскага раённага камітэта БРСМ Вячаслаў Рудзянок, намеснік гендырэктара па ідэалагічнай працы ААТ "Белшына" Аксана Прыходзька, галоўны лекар бабруйскай цэнтральнай бальніцы Уладзімір Гацко ды іншыя.

Нагадаем, сярод прэтэндэнтаў у кандыдаты ў аблсавет было і некалькі прадстаўнікоў кампаніі "Гавары праўду" і БХД, але ніхто з іх не прайшоў адбор выбарчых камісій.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства