Максіма Вінярскага затрымалі за плакат «Акупанты, прэч з Украіны!» і асудзілі на 15 сутак
5 сакавіка грамадскі актывіст Максім Вінярскі правёў пікетаванне каля пасольства Расіі у Беларусі. Прыблізна ў 16.00 ён стаў насупраць будынка амбасады з плакатам «Акупанты, прэч з Украіны!».
Раней актывіст растлумачыў сваю пазіцыю адносна падзей ва Украіне: «Я лічу, што прыйшоў час называць рэчы сваімі імёнамі. Тое, што зараз адбываецца ва Украіне, — фактычна акупацыя. Там іншаземныя войскі, там спробы захапіць вайсковыя часткі і дыктаваць краіне, як яна павінна жыць. (…) Немагчыма стаяць убаку і нічога з гэтым не рабіць. Я патрабую спыніць агрэсію, мы не можам сказаць, што нас гэта не датычыцца».
Праз хвіліну ад пачатку пікетавання да Вінярскага падышоў супрацоўнік міліцыі, які ахоўваў пасольства, і паспрабаваў забраць плакат, патрабаваў паказаць дакументы. Ён выклікаў амапаўскі нарад, які ў 16.40 затрымаў актывіста і павёз яго ў Цэнтральнага РУУС Менска.
10-40. Максіма Вінярскага прывезлі ў суд Цэнтральнага раёна Менска. Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня. Пратакол складзены па артыкуле 23.34. КаАП РБ (арганізацыя альбо ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве)/
12-00. Дае паказанні сведка, лейтэнант міліцыі Сямешкін В. Наступны сведка супрацоўнік упраўлення па ахове дыппрадстаўніцтваў Юрый Пазняк.
12-30. У судзе абвешчаны перапынак для вынясення рашэння.
13-45. Вінярскага пакаралі арыштам на 15 сутак.