viasna on patreon

Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне правоў Аляксандра Камароўскага

2014 2014-03-04T13:25:12+0300 2014-09-11T12:22:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aliaksandr_kamarouski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Камароўскі

Аляксандр Камароўскі

Камітэт па правах чалавека ААН вынес рашэнне на карысць старшыні арганізацыі “Абаронцы Айчыны” Аляксандра Камароўскага ў выніку разгляду яго скаргі супраць суда г. Жодзіна, які асудзіў яго да сямі сутак арышту па абвінавачванні ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі ў сакавіку 2008 года.

“Камітэт па правах чалавека, які дзейнічае на падставе пункта 4 артыкула 5 Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, лічыць, што дзяржава-удзельніца парушыла правы аўтара ў адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах", гаворыцца ў меркаваннях Камітэта, прынятых 25 кастрычніка 2013 года.

У сваёй скарзе, якая была падрыхтаваная Праваабарончым цэнтрам "Вясна", у прыватнасці Аляксеем Лапіцкім, Аляксандр Камароўскі паведаміў, што ён быў арыштаваны за ўдзел у мемарыяльнай акцыі, якая адбылася 23 сакавіка 2008 года з нагоды 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Яго просьба пра дазвол на правядзенне шэсця і канцэрту не была задаволеная Жодзінскім гарвыканкамам. У забароне на правядзенне акцыі ўлады сцвярджалі, што арганізатары акцыі перашкодзяць правядзенню “25-га агульнарэспубліканскага марафону”, які меўся адбыцца 22 і 23 сакавіка.

Аляксандр Камароўскі, разам з трыма іншымі арганізатарамі, заявілі, што адменяць запланаваную акцыю, але праінфармавалі выканаўчы камітэт пра свой намер правесці мірнае мерапрыемства ў любым іншым месцы, якое б не перашкаджала марафону.

Тым не менш, 20 сакавіка выканаўчы камітэт паведаміў арганізатарам, што не будзе разглядаць іх просьбу, бо яна не адпавядае патрабаванням, выкладзеным у Законе “Аб масавых мерапрыемствах”. Улады паведамілі, што калі актывісты правядуць акцыю 23 сакавіка, яна будзе разглядацца як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

У выніку, Аляксандр Камароўскі і іншыя актывісты вырашылі не праводзіць мерапрыемства. Тым не менш, з мэтай інфармавання асобаў, якія ведалі пра месца правядзення мерапрыемства, пра тое, што мерапрыемства было адменена, а 15-й гадзіне 23 сакавіка, Аляксандр Камароўскі і іншыя арганізатары прыйшлі ў парк культуры Жодзіна, дзе ўжо знаходзіліся 10-15 чалавек. Неўзабаве да іх далучыліся іншыя людзі, якія вырашылі ўшанаваць памяць герояў і ўскласці кветкі ля абеліска “Героі жывуць вечна”. Паводле Аляксандра Камароўскага, акцыя не з’яўлялася масавым мерапрыемствам палітычнага, сацыяльнага або эканамічнага характару і таму на яго правядзенне не патрабаваўся дазвол.

У час акцыі некаторыя з яе ўдзельнікаў неслі нацыянальныя сцягі і сцяг Еўрапейскага Саюза. Калі супрацоўнікі міліцыі, якія стаялі непадалёк, заўважыўлі сцягі, яны адразу ж загадалі іх прыбраць. Тым не менш, Аляксандр Камароўскі і астатнія ўдзельнікі акцыі ўсклалі кветкі і выпусцілі бел-чырвона-белыя паветраныя шары. Акцыя доўжылася прыкладна пяць хвілін.

Калі людзі пачалі разыходзіцца, да Аляксандра Камароўскага падышлі супрацоўнікі міліцыі і ён быў дастаўлены ў аддзяленне міліцыі. Ён быў дапытаны і правёў у аддзяленні ноч перад судом. 24 сакавіка суд г. Жодзіна асудзіў Аляксандра Камароўскага да сямі сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачванні ў правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. 25 сакавіка Аляксандр Камароўскі абскардзіў прысуд у Мінскім абласным судзе, але 8 красавіка абласны суд пакінуў у сіле рашэнне суда першай інстанцыі. 16 траўня прысуд быў абскарджаны ў Вярхоўным судзе, аднак 28 чэрвеня скарга была адхіленая як неабгрунтаваная.

У сваіх меркаваннях Камітэт адзначае, што Аляксандр Камароўскі, як і падкрэслівалі ўлады у сваіх заўвагах па скарзе, сапраўды не вычарпаў усе ўнутраныя сродкі прававой абароны, а менавіта не абскардзіў прысуд на імя старшыні Вярхоўнага суда. Тым не менш, Аляксандр Камароўскі заявіў, што сродкі, згаданыя дзяржавай, не з’яўляюцца эфектыўнымі і, такім чынам, ён не мусіў іх выкарыствоўваць.

У выніку, Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў парушэнне права аўтара на свабоду выказвання меркавання, спасылаючыся на патрабаванне Пакта пра неабходнасць і прапарцыянальнасць абмежаванняў на ажыццяўленне такіх свабодаў. У прыватнасці, Камітэт адзначыў, што “беларускія ўлады не ў дастатковай ступені прадэманстравалі падставы неабходнасці затрымання і пакарання аўтара скаргі”, а таксама тое, наколькі адміністрацыйны арышт быў апраўданы.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства