Суд па справе Віктара Шаршуна адклалі на 6-га сакавіка
Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна пачаўся разгляд справы мінчука Віктара Шаршуна, збітага міліцыянтамі за бел-чырвона-белы сцяг на гаўбцы.
Суддзя Валерый Есьман, які вядзе працэс, мусіць разгледзець скаргу Віктара Шаршуна пра “нязгоду з вядзеннем адносна яго адміністратыўнага працэсу”. З указаннем менавіта такога прадмета абскарджання пракуратура Цэнтральнага раёна перанакіравала ў суд скаргу Шаршуна, які прасіў правесці пракурорскую праверку адносна неправамерных дзеянняў міліцыянтаў і прыцягнуць вінаватых асобаў да адказнасці.
Пракуратура паведаміла, што зварот грамадзяніна ў частцы, якая тычыцца неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў УУС адміністрацыі Цэнтральнага раёна г.Мінска, накіраваны ў райаддзел Следчага камітэта.
***
10.25 - Пачаўся разгляд справы. Працэс вядзе суддзя Валер Есьман, які неаднаразова выносіў рашэнне аб адміністратыўным пераследзе дэмакратычных актывістаў. Суддзя спачатку не хацеў пускаць у залу суда журналістаў, але перапісаўшы іх дадзеныя, усё ж дазволіў прысутнічаць на паседжанні.
Нагадаем, Вярхоўным судом была прынята Пастанова Пленума "Аб забеспячэнні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя і распаўсюдзе інфармацыі аб дзейнасці судоў" (20.12.2013 №11), у якой адзначаецца, што "судам трэба мець на ўвазе, што асноўнай формай рэалізацыі прынцыпу галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя з'яўляецца магчымасць прысутнічаць у адкрытым судовым пасяджэнні асобам, якiя не з'яўляюцца ўдзельнікамі працэсу, журналістам сродкаў масавай інфармацыі. Неабгрунтаванае абмежаванне доступу грамадзян у залу суда не дапускаецца".
11.10 - далейшы разгляд справы адклалі на 6-га сакавіка, паколькі сёння не з'явіліся сведкі па справе з боку міліцыянтаў.