viasna on patreon

Шклоўскія актывісты скардзяцца на парушэнні выбарчага заканадаўства

2014 2014-03-02T09:24:09+0300 2014-03-02T09:24:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prakurory.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Катусёў 28 лютага накіраваў скаргу ў пракуратуру Шклоўскага раёна. Ён просць пракуратуру звярнуць увагу на парушэнні выбарчага заканадаўства пры апублікаванні звестак пра кандыдатаў у дэпутаты Шклоўскага райсавета ў раённай газеце “Ударны фронт”.

“Раённая газета “Ударны фронт” у сваім нумары ад 22 лютага надрукавала інфармацыю пра зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Шклоўскага райсавета і Магілёўскага аблсавета. – распавядае Рыгор Кастусёў. – Прычым шклоўская раёнка праігнаравала беларускае выбарчае заканадаўства і не ўказала ўзровень прыбыткаў кандыдатаў у дэпутаты за мінулы год, а таксама наяўнасць у іх судовых пакаранняў. У прыватнасці, не ўказана судзімасць у цяперашняга старшыні Шклоўскага раённага Савета дэпутатаў Міхаіла Паўловіча, таксама як і яго заробак. Разам з Пятром Мігурскім мы пабывалі ў Шклоўскай раённай камісіі па выбарах дэпутатаў райсавета, там нам сказалі, што ў газеце “Ударны фронт” змешчана толькі папярэдняя інфармацыя па кандыдатах у дэпутаты, аднак не змаглі патлумачыць, чаму так адбылося. Пасля гэтага я наведаў пракуратуру Шклоўскага раёна і падаў заяву з просьбай звярнуць увагу на парушэнні выбарчага заканадаўства, прывёўшы канкрэтныя прыклады гэтых парушэнняў. Прычым у пракуратуры мяне зноў спрабавалі перанакіраваць у выбарчую камісію”.

Па словах Рыгора Кастусёва, мясцовыя ўлады не хочуць, каб людзі ў Шклоўскім раёне даведаліся пра рэальныя прыбыткі шклоўскіх чыноўнікаў і кіраўнікоў, якія складаюць абсалютную большасць з зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты, а таксама наяўнасць у іх судовых пакаранняў.

Незалежныя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў у Шклоўскім раёне адсутнічаюць: прэтэндэнту ў кандыдаты ўдэпутаты Магілёўскага абласнога Савета 27 склікання па Шклоўскай гарадской выбарчай акрузе №57 грамадскаму актывісту са Шклова Міхаілу Кучарэнка ў рэгістрацыі было адмоўлена з-за недакладных подпісаў. Яшчэ адзін прэтэндэнт у кандыдаты, сябар Партыі БНФ Яраслаў Фесько адмовіўся ад падачы дакументаў у акруговую і раённую выбарчыя камісіі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства