Прызначана дата суда ў справе Віктара Шаршуна
У панядзелак 3 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна а 10-й гадзіне пачнецца разгляд справы мінчука Віктара Шаршуна, збітага міліцыянтамі за бел-чырвона-белы сцяг на гаўбцы. Аднак неправамерныя дзеянні праваахоўнікаў не стануць прадметам судовага разбіральніцтва.
Паводле міліцэйскага пратаколу, Віктар Шаршун абвінавачваецца ў па артыкулах 23.4 (у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі) і 23.5 (у абразе супрацоўнікаў міліцыі) КаАП Рэспублікі Беларусь.
Суддзя Валерый Есьман, які будзе весці працэс, таксама мусіць разгледзець скаргу Віктара Шаршуна пра “нязгоду з вядзеннем адносна яго адміністратыўнага працэсу”. З указаннем менавіта такога прадмета абскарджання пракуратура Цэнтральнага раёна перанакіравала ў суд скаргу Шаршуна, які прасіў правесці пракурорскую праверку адносна неправамерных дзеянняў міліцыянтаў і прыцягнуць вінаватых асобаў да адказнасці.
Прыняўшы такое нестандартнае рашэнне па скарзе Віктара Шаршуна, пракуратура паведаміла, што яго зварот у частцы, якая тычыцца неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў УУС адміністрацыі Цэнтральнага раёна г.Мінска, накіраваны ў райаддзел Следчага камітэта.