viasna on patreon

Парламенцкія "давыбары" ў Кобрыне і Крычаве праводзіца не будуць

2014 2014-02-27T12:51:07+0300 2014-02-27T14:36:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/parlament2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Зазуля і Краўцоў, прызначаныя кіраўнікамі ў Кобрынскі райвыканкам і Гродзенскі аблвыканкам адпаведна, насуперак закону не склалі свае дэпутацкія паўнамоцтвы. Яны працягваюць працаваць і ў выканаўчай, і ў заканадаўчай уладзе. Пры гэтым абодва сцвярджаюць, што ў парламенце ім заробак не налічваюць.

 


22 кастрычніка 2013 года Аляксандр Зазуля, які на той моманту парламенце з'яўляўся Сталай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, быў прызначаны кіраўніком Кобрынскага райвыканкама. Зрэшты, на выбарах у 2012 ён і балатаваўся па гэтай акрузе.

14 лістапада 2013 з парламента ў выканаўчую ўладу адклікалі яшчэ аднаго дэпутата – старшыню Сталай камісіі па эканамічнай палітыцы Уладзіміра Краўцова. Ён быў прызначаны старшынём Гродзенскага аблвыканкама. На парламенцкіх выбарах балатаваўся па Крычаўскай акрузе.

Ці маюць права дэпутаты сумяшчаць працу ў парламенце з прафесійнай дзейнасцю ў іншых органах?

Законам “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь” рэгламентавана, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Савета Рэспублікі, якія ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на прафесійнай аснове, не мае права займацца ў працоўны час iншай аплатнай работай (дзейнасцю), выключэнне - выкладчыцкая, навуковая, культурная, творчая дзейнасць, медыцынская практыка.

Праз два і тры месяцы пасля новага прызначэння - 19 снежня 2013 года - на паседжанні Палаты прадстаўнікоў дэпутатаў Зазулю і Краўцоўва вызвалілі ад пасад старшынь камісіяў, але яны па-ранейшаму з’яўляюцца членамі камісій, то бок шэраговымі дэпутатамі. Гэта пацверджвае цяперашні старшыня Сталай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Генадзь Грыцкевіч

Варта заўважыць, што праца ў парламенце належыць да заканадаўчай галіны ўлады, у выканкамах – да выканаўчай. Незразумела, як дэпутатам удаецца сумяшчаць гэтыя віды дзейнасці з пункту гледжання размежавання галінаў улады.

Калі жыхар Кобрына захоча папрасіць дапамогі ў свайго дэпутата ў сувязі з дзейнасцю (бяздзейнасцю) мясцовай улады, чым выклікана парушэнне ягоных правоў, па сутнасці, ён павінен звярнуцца да аднаго і таго ж чалавека - старшыні райвыканкама і дэпутата ў адноай асобе Аляксандра Зазулі.

Да таго ж, незразумела, як дэпутаты Краўцоў і Зазуля фізічна могуць сумяшчаць такую працу – дэпутаты павінны ў Мінску прыстунічаць на паседжаннях камісіі, удзельнічаць у распрацоўцы і аналізе заканадаўства, сустракацца са сваімі выбаршчыкамі ў Крычаве і Кобрыне, выконваць абавязкі кіраўніка раёна і вобласці – у Гродне і Кобрыне.

Выбаршчыкі па Крычаўскай акрузе неаднаразова скардзіліся, што Уладзімір Краўцоў не выконвае свае абавязкі як дэпутат - не прыязджае на тэрыторыю сваёй выбарчай акругі і не сустракаецца з выбаршчыкамі, пакідае без рэагавання іх запыты і скаргі.

"Давыбараў" не будзе

Пасля прызначэння Зазулі кіраўніком райвыканкама сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік тлумачыў “Нашай ніве”, што ў такім выпадку па выбарчай акрузе ў Кобрыне павінны прайсці "давыбары". Чакалася, што іх сумясцяць з бліжэйшымі выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Але ўжо дакладна вядома, што ні ў Кобрыне, ні ў Крычаве давыбары праводзіць не будуць.

У адказе за подпісам старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай адзначаецца, што  згодна з ч.1 арт. 88 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь у адпаведнай выбарчай акрузе праводзяцца новыя выбары ў выпадку датэрміновага спынення паўнамоцтваў дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Паўнамоцтвы дэпутатаў Зазулі А.І. і Краўцова У.В. не спынены. Такім чынам, у Цэнтральнай камісіі няма прававых падстаў для назначэння выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў замест выбыўшых у гэтых выбарчых акругах.

Дэпутаты працуюць у парламенце задарма?

Абодва дэпутаты сцвярджаюць, што не атрымліваюць заробак за працу ў парламенце.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначае, што адсутнасць заробку за працу ў парламенце  сведчыць, што дэпутаты ажыццяўляе дзейнасць не на прафесійнай аснове. “Закон “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь” прама ўказвае, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Савета Рэспублікі, якія ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на прафесійнай аснове, не мае права займаць іншыя дзяржаўныя пасады. Дэпутаты палаты прадстаўнікоў апрыёры працуюць на прафесійнай аснове. Законам адмыслова прадугледжана датэрміновае спыненне дэпутацкіх паўнамоцтваў, калі дэпутат новага склікання на працягу трох месяцаў не пагаджаецца перайсці на прафесійную працу ў Палату прадстаўнікоў”, - пракаментаваў эксперт.

Аднак ні дэпутаты, ні кіраўніцтва парламенту парушэння закону не бачыць - старшыня Сталай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Генадзь Грыцкевіч адзначае, што "Зазуля і Краўцоў працягваюць выковаць свае дэпутацкія паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам".

Аляксандр Зазуля
Уладзімір Краўцоў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства