Баранавічы: жыхары адмаўляюцца прымаць удзел у выбарах
Жыхары вуліцы Дамашэвічскай і 3-га завулка Дамашэвічскага адмаўляюцца прымаць удзел у выбарах 23 сакавіка. Гэта стала вядома з ліста кандыдата ў дэпутаты гарадскога і абласнога Саветаў Мікалая Чарнавуса, які ён накіраваў у Цэнтральную выбарчую камісію на імя Лідзіі Ярмашынай. Копію ліста грамадскі актывіст накіраваў таксама старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Юрыю Грамакоўскаму.
Мікалай Чарнавум паведамляе, што яшчэ два гады таму вуліцу Дамашэвічскую раскапалі так, што праехаць на машыне стала проста немагчыма. Кіроўцы вымушаны пакідаць машыну ў брудзе і шукаць трактар, каб выцягнуць уласны транспарт з ямаў. Асабліва цяжка прыходзіцца ў вячэрні і начны час, калі знайсці дапамогу практычна немагчыма. А жыхары вуліцы злуюцца, калі пацярпелыя турбуюць іх асабліва ноччу з мэтаю атрымання тэрміновай дапамогі.
У сувязі з тым, што гарадскія ўлады спынілі добраўпарадкаванне вуліцы, паведамляе Мікалай Чарнавус у сваім лісце, жыхары вуліцы Дамашэвічскай і 3-га завулка Дамашэвічскага адмаўляюцца прымаць удзел у выбарах 23 сакавіка.
Мікалай Чарнавус паведаміў таксама, што ён ужо атрымаў электронны адказ з ЦВК за подпісам Мікалая Лазавіка, дзе паведамляецца, што яго заява накіравана для разгляду ў Брэсцкі выканаўчы камітэт.
Фота: Праехаць на машыне па вуліцы Дамашэвічскай у Баранавічах мажліва толькі пры дапамозе лапаты і шуфеля
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”