viasna on patreon

Суд перанесены з-за непадрыхтаванасці і некампетэнтнасці прадстаўніка Баранавіцкага гарвыканкама

2014 2014-02-26T11:15:51+0300 2014-02-26T11:15:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gryk-malej-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 лютага суддзя суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы Вольга Апановіч праводзіла папярэдняе судовае пасяджэнне, на якім разглядалася скарга Рыгора Грыка на неправамоцныя дзеянні гарадскіх чыноўнікаў, якія не толькі незаконна адмовілі грамадскаму актывісту ў правядзенні пікета, але і несвоечасова паведамілі яму пра гэта. Аднак з-за непадрыхтаванасці і некампетэнтнасці прадстаўніка гарвыканкама Паўла Кыткіна суддзя Вольга Апановіч перанесла судовае пасяджэнне на больш позні тэрмін.

Рыгор Грык патлумачыў суду, што хацеў правесці 26 студзеня пікет пад назваю “Дзеянні ўлады і законы РБ – пад грамадзянскі кантроль”, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да несвоечасовага і недастатковага рэагавання чыноўнікаў на звароты і прапановы людзей. Ён дадаў, што раней адказы гарвыканкама на яго хатні адрас рэгулярна прыходзілі па пошце заказным лістом, што ён хадзіў на паштамт, але там сказалі, што ніякіх лістоў яму з гарвыканкама не было.

Рыгор Грык прасіў суд прызнаць рашэнне намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама ад 15.01.2014г. аб адмове яму ў правядзенні пікета незаконным. Прадстаўнік Рыгора Грыка ў судзе праваабаронца Уладзімір Малей даводзіў, што рашэнне намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дзмітрыя Касцюкевіча з’ўяляецца непапушчальным абмежаваннем права на свабоду выказвання свайго меркавання і правядзенне мірных сходаў па сэнсу артыкулаў 23, 33 і 35 Канстытуцыі РБ, а таксама арт. 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Прадстаўнік Баранавіцкага гарвыканкама ў судзе Павел Кыткін так і не змог патлумачыць суддзі Вользе Анановіч прычыны, па якіх чыноўнікі забаранілі Рыгору Грыку правядзенне пікету 26 студзеня ў дазволеным месцы. Такога некваліфікаванага і некампетэнтнага прадстаўніка гарадскіх уладаў ў судзе яшчэ ніколі не было. Павел Кыткін не толькі спазніўся на 50 хвілін на пасяджэнне суда, але нават не папрасіў прабачэння ў прысутных за несваечасовы прыход, праявіўшы непавагу як да суда, так і да людзей.

Суддзя Вольга Апановіч запатрабавала ад прадстаўніка гарвыканкама сур’ёзна падрыхтавацца да наступнага пасяджэння і абвясціла прысутным, што наступнае судовае пасяджэнне па грамадзянскай справе Рыгора Грыка адбудзецца 5 сакавіка.

 

Фота: праваабаронца Уладзімір Малей і Рыгор Грык у судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства