Запісвайся назіральнікам на выбары ў мясцовыя Саветы!
Ты шмат чуў пра беларускія выбары: грамадзяне збянтэжаныя, палітыкі спрачаюцца, навіны супярэчлівыя. Ты не ведаеш, чаму верыць і навошта табе здаліся гэтыя выбары, бо ты ўвогуле апалітычны чалавек. Але табе не ўсё роўна, якія помнікі зносяцца і дзе будуюцца паркі, ці па якіх дарогах ездзіць, дзе паркаваць свой ровар і аўтамабіль. Як і ўсе нармальныя людзі, ты проста хочаш, каб тваё штодзённае жыццё было камфортным.
Дык чаму б гэтаму не паспрыяць? Прасачы за якасцю выбараў.
Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» пачынае набор назіральнікаў за выбарамі дэпутатаў ў мясцовыя Саветы Рэспублікі Беларусь, якія адбудуцца 23 сакавіка 2014 года.
Паводле Канстытуцыі, кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 18-гадовага ўзросту, мае права быць назіральнікам за выбарамі любога ўзроўню. Гэта не проста карысная дзейнасць і спосаб праявіць сваю грамадзянскую адказнасць, але і магчымасць паўдзельнічаць у захапляльным працэсе, адчуць драйв ад назірання, пабачыць на ўласныя вочы, як праходзяць розныя этапы выбарчага працэсу, аб якіх ходзіць столькі разнастайных чутак.
Праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» не падтрымлівае аніякія палітычныя партыі. Мэта праекта – даць магчымасць як мага большай колькасці звычайных грамадзян знутры зірнуць на дзень галасавання і зразумець, як павінны выглядаць выбары. І як паказвае досвед бліжэйшых суседскіх краін, Расіі і Украіны, грамадзянскае (непалітычнае) назіранне можа стаць простай, але эфектыўнай і найцікавейшай формай ўдзелу звычайных людзей у кантролі за прыняццем істотных рашэнняў як на мясцовым узроўні, так і у межах усёй краіны.
Гэта не палітыка, гэта нармальны выбар свядомага грамадзяніна.
Таму, калі табе надакучыла сядзець дома і бяссільна скардзіцца ў інтэрнэце, запоўні анкету на сайце, прайдзі кароткі трэнінг і назірай разам з намі!
Стаць назіральнікам можа кожны: і той, у каго ўжо ёсць адпаведны досвед, і той, для каго гэта будзе ўпершыню.
Апошні тэрмін для запісу ў назіральнікі 7 сакавіка.
Запоўніць анкету можна ТУТ
Больш падрабязную інфамацыю пра праект ты знойдзеш на сайце www.eotp.info.