viasna on patreon

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”: Закрытасць працэдураў выклікае недавер да рашэнняў ЦВК на этапе рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты

2014 2014-02-24T16:29:25+0300 2014-02-24T16:29:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kandydaty-vybary-press-24.02.2014.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
В.Стэфановіч і А.Гулак. 24 лютага 2014

В.Стэфановіч і А.Гулак. 24 лютага 2014

Мінула палова кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, але маніторынг праваабаронцаў не паказвае сур’ёзных абнаўленняў у правядзенні выбарчага працэсу ў звязку са зменамі ў выбарчым заканадаўстве. Селектыўны падыход арганізатараў выбараў, які праваабаронцы крытыкавалі падчас фармавання выбарчых камісіяў, застаўся і на наступным этапе – падчас вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.  

Такія высновы агучылі каардынатары кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” 24 лютага падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску.   

Нагадаўшы, што гэтыя мясцовыя выбары праходзяць паводле ўведзеных ЦВК зменаў у выбарчае заканадаўства, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч адзначыў, што падчас падрыхтоўчай часткі бягучай кампаніі незалежныя назіральнікі не ўбачылі нічога новага. “Выбарчы працэс застаецца пад кантролем выканаўчых уладаў і мы бачым селектыўны падыход да прадстаўнікоў апазіцыі як на этапе фармавання выбарчых камісіяў, так і на этапе рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты”. Кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак тут прыгадаў шматабяцальныя выказванні старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай пра неабходнасць абнаўлення кадраў, замены людзей, якія маюць на сабе адбітак савецкіх выбараў і працуюць яшчэ па старынцы, дыскрэдытуючы такім чынам выбарчую сістэму. “Але наш маніторынг не паказвае, што ёсць нейкія новыя падыходы. Больш за тое, тыя людзі, якіх мы ўвесь час адзначаем як парушальнікаў, стала ўдзельнічаюць у працы выбарчых камісіяў, арганізоўваюць выбарчы працэс і ў гэтым сэнсе нічога не мяняецца”.              

Прадставіўшы аналітычную справаздачу па выніках назірання за вылучэннем і рэгістрацыяй кандыдатаў у дэпутаты, каардынатары кампаніі агучылі асноўныя заўвагі да гэтага этапу.        

Валянцін Стэфановіч паведаміў пра тое, што падчас рэгістрацыі ініцыятыўных групаў грамадзянаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты шляхам збору подпісаў працэнт адмоваў у рэгістрацыі быў невялікім, але ўсе адмовы выпалі на ініцыятыўныя групы прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў альбо альтэрнатыўных кандыдатаў. “Напрыклад, для сябраў АГП, якія збіраліся вылучацца шляхам збору подпісаў, адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў склалі 22%, для сябраў БНФ – 20%. Але калі мы паглядзім на беспартыйных кандыдатаў, то там гэты паказчык складаў 0,1%”. Пры гэтым праваабаронца падкрэсліў, што асноўны працэнт адмоваў у рэгістрацыі выкліканы сітуацыяй з вылучэннем кандыдатаў у дэпутаты па некалькіх выбарчых акругах. “Выбарчае заканадаўства ў гэтай частцы было змененае і зараз можна вылучацца толькі ў адной акрузе. Але ўсе мы памятаем, што працэс прыняцця гэтых зменаў быў непублічны, ніякага абмеркавання не вялося, законапраекта на руках ніхто не меў. Цэнтрвыбаркам, на нашу думку, мусіў зрабіць акцэнт менавіта на гэтых зменах. Але калі паглядзець метадычныя рэкамендацыі для акруговых камісіяў, то ніякага тлумачэння у гэтай частцы - пра тое, што вылучэнцам рэгістраваць ініцыятыўную групу можна толькі на адной акрузе – зроблена не было. З гэтай прычыны ў Мінску не былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы такіх палітычных дзеячаў, як Аляксей Янукевіч, Анатоль Лябедзька, Алесь Лагвінец. На Гарадзеншчыне цікавая сітуацыя атрымалася з Мікалаем Уласевічам: рашэнне аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў у дзвюх акругах было адмененае Цэнтральнай выбарчай камісіяй, ён абскардзіў гэта ў Вярхоўны суд, але ва ўзбуджэнні справы было адмоўлена ў сувязі з непадведамаснасцю суду”. Тут Стэфановіч нагадаў, што пазіцыя Вярхоўнага суда наконт таго, што пастановы Цэнтрвыбаркама абскарджваць у судовым парадку нельга, пярэчыць Канстытуцыі, якая гарантуе права абскарджваць любыя рашэнні дзяржаўных органаў.

На этапе збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты асноўныя прэтэнзіі праваабаронцаў тычацца назручнасці, нешматлюднасці адведзеных для гэтага месцаў. Таксама назіральнікі адзначалі пэўныя перашкоды. “Зафіксаваны факты, калі людзі ў цывільным здымалі на відэа пікеты па зборы подпісаў. Такім чынам аказваўся пэўны ціск у тым ліку і на выбаршчыкаў, якія, магчыма, у такой сітуацыі баяліся ставіць подпісы за вылучэнне таго ці іншага кандыдата”, - сказаў В. Стэфановіч.

Адносна этапу вылучэння кандыдатаў у дэпутаты праваабаронца асобна адзначыў, што, калі разглядаць паводле суб’ектаў, надзеленых правам вылучэння, то гэтая карціна яскрава адлюстроўвае спецыфіку нашай палітычнай сістэмы. “Палітычныя партыі вылучылі толькі 3,1% ад усіх вылучаных кандыдатаў у дэпутаты. Самы вялікі працэнт у вылучэння ад грамадзянаў шляхам збору подпісаў – 62,4%. І 30% - ад працоўных калектываў. Такі дзіўны суб’ект выбарчага працэсу ў нас існуе як працоўны калектыў, якія замест таго, каб выконваць свае непасрэдныя фунцыі, удзельнічае ў выбарчым працэсе”. Удзел палітычных партый у гэтым працэсе застаецца мізэрным – 3,1%. “Ад агульнай колькасці партыйных вылучэнцаў найбольш вылучыла Камуністычная партыя Беларусі – 34%, ад партыі Справядлівы свет 14%, Аб’яднаная грамадзянская партыя – 13, 6%. Агулам колькасць вылучаных кандыдатаў ад партый на 10% меншая, чым была падчас папярэдніх мясцовых выбараў”.

Па-ранейшаму жорсткай крытыцы праваабаронцаў падверглася працэдура праверкі подпісаў тэрытарыяльнымі і акруговымі выбаркамамі. “На жаль, сітуацыя не змяняецца: ста працэнтам нашых назіральнікаў было адмоўлена ў прысутнасці непасрэдна падчас праверкі подпісаў, - паведаміў В.Стэфановіч. – То бок ацаніць, наколькі выбарчыя камісіі выконвалі нормы правядзення гэтай працэдуры, якая вельмі дакладна прапісаная ў Выбарчым кодэксе, наколькі аб’ектыўна падыходзілі да праверкі подпісаў, мы не можам”.

Па словах праваабаронцы, татальная закрытасць такой важнай працэдуры як праверка подпісаў не дазваляе з даверам ставіцца да рашэнняў ЦВК аб рэгістрацыі ці нерэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.

Пра высновы назірання па выніках рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты распавёў Алег Гулак, які адзначыў, што праз нізкую актыўнасць патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты праваабаронцы ў сваіх высновах абапіраліся найперш на статыстычныя звесткі. Асноўнымі гульцамі ў працэсе вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты з’яўляюцца працоўныя калектывы і грамадзяне, якія вылучалі сваіх кандыдатаў. Але іх ролю праваабаронцы лічаць вельмі дзіўнай. “Дзіўным чынам атрымліваецца, што пры такой актыўнасці грамадзянаў на ўсіх акругах, калі браць у сярэднім па краіне - 1,2 кандыдата на месца. У пераважнай большасці акругаў выбары будуць безальтэрнатыўнымі. Але пры гэтым пустых таксама няма, па адным чалавеку на акругу грамадзяне такім “стыхійным” шляхам вылучылі. Гэта выклікае вялікія падазрэнні ў тым, што мы назіраем кіруемы працэс, бо вельмі малая верагоднасць таго, што кандыдаты маглі так размеркавацца стыхійным шляхам…  
Тое ж самае мы бачым і па рэгістрацыі кандыдатаў, калі сыходзіць са шляху іх вылучэння. Калі з рэгістрацыяй партыйных вылучэнцаў карціна не вельмі адрозніваецца, хоць і на карысць праўладных кандыдатаў, то з вылучэнцамі шляхам збору подпісаў – адрозніваецца вельмі моцна. Калі агульны працэнт рэгістрацыі кандыдатамі вылучэнцаў гэтым шляхам складаў 98%, то, напрыклад, вылучэнцаў ад незарэгістраванай партыі БХД толькі 32%, прадстаўнікоў Руху “За свабоду” толькі 43% - пры тым што прадстаўнікі гэтых апазіцыйных структураў маюць досвед працы ў выбарчых кампаніях, маюць досвед афармлення дакументаў і т.п.
”.

Таксама цікавымі Гулак наўзваў высновы паводле агульных звестак ЦВК. “Традыцыйна найбольшая актыўнасць назіраецца ў Мінску. Пры вылучэнні кандыдатаў у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў конкурс быў 4,7 чалавекі на месца, пры тым, як у раённыя Саветы – 1,3, а ў сельскія – 1,1. Зразумела, што накал палітычнай барацьбы быў большы ў сталіцы, дзе людзі больш дасведчаныя і ў палітычных працэсах і ў працэдурах. Але калі параўноўваем вынікі рэгістрацыі, то бачым дзіўныя лічбы. Працэнт адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў у Мінскі гарадскі Савет – 25,6%, пры гэтым у раённыя Саветы – 1,9%, у сельскія Саветы – 0,2%. Як мы павінны разумець гэтыя лічбы: гэта быў чыста тэхнічны працэс праверкі адпаведнасці дакументаў, пададзеных на рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты”. Па словах праваабаронцы, прыведзеныя ім факты азначаюць, што найбольш актыўная роля у гэтым працэсе адведзена выбарчым камісіям, хоць насамрэч яны павінны выконваць чыста тэхнічную функцыю. І селектыўны падыход у працы выбаркамаў быў не на карысць вылучэнцаў, якія атаясамляюцца з апазіцыйнымі партыямі і рухамі.

Актыўны ўдзел працоўных калектываў у фармаванні выбаркамаў і ў вылучэнні кандыдатаў, па словах праваабаронцаў, паказвае на штучнасць выбарчага працэсу, таму ЦВК і іншым дзяржаўным структурам варта было б сур’ёзна паглядзець на гэтую сітуацыю, якая фактычна азначае, што выбары праводзяцца дзяржаўнымі адміністрацыямі, а не незалежнымі выбарчымі структурамі.

Аднак Алег Гулак выказаў меркаванне, што рашэнне на змены да лепшага ёсць, нагадаўшы пра нядаўняе рашэнне ЦВК наконт змянення працэдуры вылучэння назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства