Генадзь Лойка будзе судзіцца з “Белінвестбанкам” за права абслугоўвацца па-беларуску
У 2012 годзе Генадзь Лойка напісаў заяву ў банк з просьбай заключыць з ім дамову на адкрыццё карт-рахунка на дзяржаўнай і роднай беларускай мове, паколькі другой дзяржаўнай мовай ён не валодае. Але заяўніку адмовілі.
Наменік кіраўніка банка Коржаль Ю.А. паведаміў, што ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам для вядзення дакументацыі і справаводства дапускаецца выкарыстанне адной з дзяржаўных моваў, а не жорстка рэгламентуецца абавязак арганізацыі выкарыстоўваць дзве мову. А таму ў ААТ “Белінвестбанк” вядзенне дакументацыі ажыццяўляецца толькі на рускай мове. Кіраўніцтва банка таксама заўважала, што тыпавыя формы дамоў карт-рахунку распрацаваны банкам на рускай мове з мэтай найбольш зручнага прадастаўлення паслуг, што аказваецца банкам, шырокаму колу кліентаў.
Выглядае на тое, што кіраўніцтва банка не задумвалася, што ў “шырокае кола кліентаў” могуць патрапіць і беларускамоўныя грамадзяне. Падчас перапісу беларускую мову назвалі роднаю 5 млн 58 тыс. чалавек (60 % жыхароў краіны).
Аднак у 2012 годзе кіраўніцтва “Белінвестбанку” адзначала, што банк пачаў працу па забеспячэнні магчымасці заключэння дамоў карт-рахункаў на беларускай мове. Арыенціровачным тэрмінам рэалізацыі такой магчымамасці называлася першае пагоддзе 2013 года. Аднак ужо ў верасні 2013 з “Белінвестбанку” прыйшоў адказ, што кіраўніцтвам было прынята рашэнне аб немэтазгоднасці дапрацоўкі праграмнага забеспячэння з пункту гледжання патрэбных для гэтага працоўных і часавых выдаткаў.
Генадзь Лойка таксама звяртаўся ў Нацыянальны банк, якія рэкамендаваў “Белінвестбанку” знайсці магчымыя варыянты для ўрэгулявання ўзнятага заяўнікам пытання.
Варта адзначыць, што Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у сваім рашэнні ад 04.12.2003 г. № ІІ-91/2003 “Аб выкарыстанні беларускай і рускай мовы ў сферы абслугоўвання, абарота банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання” ўжо звяртаў увагу на парушэнне балансу роўнасці выкарыстання дзвюх дзяржаўны моваў, у тым ліку ў сферы банкаўскага абслугоўвання грамадзян.
Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь у сваім лісце ад 21.01.2004 г. № 11-23/16 прапановаў банкам пры аказанні паслугаў насельніцтву забяспечыць магчымасць заключэння дамоваў як на рускай, так і на беларускай мовах.
Паколькі кіраўніцтва ААТ “Белінвестбанку” на працягу амаль двух год адхіляе ўсе заявы і просьбы Генадзя Лойкі заключыць з ім дамову па-беларуску, грамадзянін вырашыў падаць скаргу ў суд на дзеянні юрыдычнай асобы, якімі парушаюць ягоныя правы.
У сваёй скарзе ў суд Цэнтральнага раёну г. Мінска, якая падрыхтаваная з дапамогай юрыстаў ПЦ "Вясна", заяўнік спасылаецца на нормы Канстытуцыі і Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, дзе прама ўказваецца аб недапушчэнні дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, а таксама спасылаецца на рашэнне Канстытуцыйнага Суда і рэкамендацыі Нацыянальнага банку аб вядзенні дакументацыі і справаводства банкамі як на рускай, так і на беларускай мовах.