viasna on patreon

Гарадзеншчына: рэгістрацыя без асаблівых нечаканасцяў, але з “прасевам”

2014 2014-02-21T12:36:52+0300 2014-02-21T12:36:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vybary-2014.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

   Як адзначаюць незалежныя назіральнікі Раман Юргель і Віктар Сазонаў, рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты па Гродне прайшла без асаблівых нечаканасцяў. На пераважнай большасці акругаў па выбарах у гарадскі савет галасаванне будзе безальтэрнатыўным. З прадстаўнікоў дэмакратычных партый, якія імкнуліся стаць кандыдатамі ў дэпутаты, не зарэгістравалі старшыню гарадской арганізацыі АГП Аляксандру Васілевіч – камісія вырашыла, што яна няправільна запоўніла дэкларацыю аб прыбытках. Па той жа прычыне не зарэгістравалі кандыдатам у абласны савет прадстаўніка “Гавары праўду” Зміцера Бандарчука. Цікава, што па гэтай жа акрузе – Вішнявецкай – не зарэгістравалі кандыдатам Казіміра Знайдзінскага, старшыню абласной арганізацыі праўладнага Саюзу палякаў Беларусі. Назіральнікі прыгадваюць, як на выбарах у Палату прадстаўнікоў 2008 года аналагічным чынам не быў зарэгістраваны Тадэвуш Кручкоўскі, тагачасны старшыня створанага ўладамі Саюзу палякаў. Безальтэрнатыўным кандыдатам па Вішнявецкай акрузе застаўся Аляксандар Сураў, галоўны доктар гарадской бальніцы №4.

   У новым абласным савеце напэўна будзе новых 12 абраннікаў, паколькі з ранейшых 12 некалькі памерлі, а шэраг “пераселі” у “парламент”. Кандыдатамі ў абласны савет не зарэгістраваныя актывісты АГП з Астравеччыны Іван Крук і Мікола Уласевіч. Апошняга, праўда, усё ж зарэгістравалі кандыдатам у Варнянскі сельскі савет.

   Найбольш кандыдатаў у гарсавет зарэгістравана па Цэнтральнай выбарчай акрузе №7 – тут будуць весці кампанію далей адзіны вылучэнец ад Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, старшыня гарадской арганізацыі, а таксама сябра АГП Наталля Слуцкая і міліцэйскі генерал, кіраўнік абласнога УУС Уладзімір Сычэўскі.

   У Слоніме кандыдатамі зарэгістравалі ўсіх 5 дэмакратычных вылучэнцаў (3 ад ПБНФ, 2 – ад БХД), у тым ліку доктара, сябра Партыі БНФ Івану Шэгу. У Іўі кандыдаткай зарэгістраваная сябра АГП Ірына Давідовіч. У Зэльве не зарэгістраваны адзіны дэмакратычны вылучэнец Яўген Скрабутан.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства