viasna on patreon

Начальства Клімавіцкага РАУС адмаўляецца прыцягваць да адказнасці свайго супрацоўніка за паклёп

2014 2014-02-20T10:53:17+0300 2014-02-20T10:53:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicija-belarusi1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхарка вёскі Дамамерычы Клімавіцкага раёна Алена Марчанка накіравала скаргі на імя начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама і пракурора Клімавіцкага раёна, у якіх просіць адмяніць пастанову невядомага супрацоўніка Клімавіцкага РАУС аб спыненні справы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці па арт.9.2 КоАП (паклёп) участковага інспектара міліцыі старшыны міліцыі Панасенка В. С. Таксама спадарыня Марчанка звяртаецца да чыноўнікаў з просьбай не прапусціць двухмесячны тэрмін даўніны для прыцягнення ўчастковага інспектара Панасенка В. С. да адміністрацыйнай адказнасці.

Падставай для напісання скаргі паслужыла ўведамленне з Клімавіцкага РАУС № 180 за подпісам намесніка начальніка РАУС А. І. Кавалёва, у якім ён паведаміў спадарыні Марчанка, што па матэрыялах праверкі вынесена пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах малодшага ўчастковага інспектара Панасенка В. С. у сувязі з адсутнасцю складу правапарушэння ў дзеяннях апошняга.

Алена Марчанка не пагадзілася з такой высновай праверкі, на якую спасылаецца намеснік начальніка Клімавіцкага РАУС А. І. Кавалёў.

Нагадаем, што Алена Марчанка прасіла прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці па артыкулу 9.2 КаАП (паклёп) участковага інспектара Клімавіцкага РАУС Панасенку В. С. Нагодай паслужыла тое, што на паседжанні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага раёна 8 студзеня 2014 года была публічна агалошаная напісаная ўчастковым характарыстыка, якая ўтрымлівала, на думку Алены Марчанка, заведама ілжывыя і ганьбячыя яе звесткі. У прыватнасці, у шэрагу з іншым, у характарыстыцы ўчастковы інспектар напісаў, што Алена Марчанка “схільная да ілжы і паклёпу”.

Сама Алена Марчанка выказала нязгоду з гэтым сцвярджэннем супрацоўніка міліцыі і ў якасці доказу прывяла той факт, што яна ні разу не прыцялася да адміністрацыйнай, грамадзянскай ці дысцыплінарнай адказнасці за распаўсюд ілжывай альбо паклёпніцкай інфармацыі.

Таксама спадарыня Марчанка спасылалася на папярэднюю характарыстыку таго ж участковага Панасенкі, у якой ён характэрызаваў яе як спакойнага, ураўнаважанага чалавека, які не ўчыняе скандалаў па месцы жыхарства, характэрызуецца здавальняюча і да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягвалася.

Супрацьстаянне спадарыні Марчанкі з мясцовымі ўладамі пачалося пасля таго, як яна выступіла супраць знішчэння сваіх свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы свіней.

Алена Марчанка займаецца свінагадоўляй, каб былі грошы аплочваць лячэнне сына, які з’яўляецца інвалідам з дзяцінства.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства