viasna on patreon

Дэпутаты Горак і Дрыбіна “выйшлі з ценю”

2014 2014-02-20T08:34:57+0300 2014-02-20T10:34:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gorki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Горацкая і Дрыбінская "раёнкі" апублікавалі цэлую нізку артыкулаў пра мясцовых дэпутатаў і іх дасягненні – упершыню за ўсю кадэнцыю гэтых Саветаў.

 Хоць закон і абавязвае мясцовых дэпутатаў рабіць справаздачы аб дзейнасці раз на паўгады, але на старонках праўладных газетаў такога відаць не было. Затое ў "выбарчую пару" чыноўнікі, здаецца, вырашылі правесці цэлую тлумачальную працу пра вынікі і дасягненні працы Саветаў.

Так, Сельскі дэпутат з вёскі Кароўчына Лёўкін літаральна "раскрывае вочы" чытачам дрыбінскай газеты: "ведаць праблемы па кожным населеным пункце – абавязак дэпутата".

Раённая дэпутатка Сакратарова запэўнівае, што "дамагчыся, каб чалавеку была аказаная дапамога, ёй удавалася заўжды". А вось яе калега Грынкевіч распавёў, што "не ўсе пытанні вырашаліся адразу, але настойлівасць і пераканаўчасць народнага абранніка заўжды дапамагалі знайсці вырашэнне праблем".

Горацкія дэпутаты таксама расказалі выбаршчыкам пра пазітыў. Спадар Белкін "заўжды спрабаваў вырашаць пытанні законнымі метадамі і аператыўна". Дэпутат Юр'еў зрабіў таксама шмат. Але вось якое яго прызнанне заслуговае найбольшай увагі. "За дэпутацкі тэрмін не прапусціў ніводнай сесіі. На некаторых выступаў, у прыватнасці, па пытаннях жывёлагадоўлі, уносіў прапановы па нармаванні рацыёнаў кармлення жывёлаў, з перавагаю сочных кармоў, і пра тое, як дамагацца двайных ацёлаў кароў у год. Насуперак меркаванню скептыкаў, якія лічаць, што такое немагчыма". Ну што тут дадаць? Сапраўды, папрацаваў чалавек у Савеце.

Некаторыя дэпутаты распавялі, як дапамагалі рыхтаваць Горацкі раён да "Дажынак" 2012 года. Аднак прамаўчалі пра тое, як рэагавалі на падзеі пасля свята. Калі трэскалася новая плітка, у свежапакладзеным асфальце ўтвараліся метровыя ямы, а ў адну з іх зімовым вечарам увалілася маладая сямейная пара.

 Такімі матэрыяламі мясцовая "вертыкаль", напэўна, спрабуе паказаць людзям, што мясцовыя Саветы спраўна функцыянуюць, а на выбары – варта ісці, паведамляюць мясцовыя назіральнікі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства