viasna on patreon

Салігорск: Пікетаваць на цэнтральнай плошчы кандыдатам забаронена

2014 2014-02-15T00:20:01+0300 2014-02-15T00:20:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/salig-agit-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Салігорскі райвыканкам апублікаваў спісы дазволеных месцаў для правядзення кандыдатамі перадвыбарчых масавых мерапрыемстваў, месцаў для размяшчэння іх агітацыйных друкаваных матэрыялаў і памяшканняў для сустрэч з выбаршчыкамі. Мясцовыя праваабаронцы кажуць пра захаванне статуса-кво адносна свабоднай перадвыбарчай агітацыі ў сталіцы шахцёраў.

Паводле рашэнняў уладаў, перадвыбарчыя пікеты і мітынгі кандыдатам у дэпутаты Салігорскага раённага Савета можна праводзіць у паведамляльным парадку, калі іх арганізатарамі з’яўляюцца яны самі ці іх давераныя асобы. Дзеля гэтага ў Салігорску вылучана традыцыйная для масавых мерапрыемстваў пляцоўка на ўскрайку горада на стадыёне “Будаўнік”. Зрэшты, памітынгаваць кандыдатам і іх прыхільнікам дазваляецца яшчэ на гарадскіх школьных стадыёнах і ў парку “Маладосць”. Гэтыя пляцоўкі таксама знаходзяцца досыць далёка ад цэнтральных вуліц і плошчаў, але значна пашыраюць магчымасці па вулічнай агітацыі параўнальна з міжвыбарчым перыядам.

Рашэнне выканкаму аб месцах для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў выглядае наогул ліберальна для сучаснай Беларусі. Свае ўлёткі і праграмы кандыдаты могуць змясціць на інфармацыйных стэндах усіх арганізацый раёна, у тым ліку гарадскога Палаца культуры і Дома культуры “Будаўнік”. У памяшканнях двух апошніх устаноў улады таксама дазволілі праводзіць сустрэчы кандыдатаў з выбаршчыкамі. Гэткія ж сустрэчы можна праводзіць ва ўсіх гарадскіх і раённых ЖЭС ЖГК “Комплекс”.

Салігорскія праваабаронцы называюць вызначаныя ўладамі для агітацыі ўмовы мінімальнымі, але зусім недастатковымі для правядзення кандыдатамі паўнавартасных выбарчых кампаній. Напрыклад, зладзіць сход з выбаршчыкамі на дваравых пляцоўках каля жылых дамоў існуючыя выканкамаўскія рашэнні не дазваляюць. Пад забаронай для пікетаў і мітынгаў апынуліся найбольш шматлюдныя месцы - цэнтральная плошча і галоўныя гарадскія вуліцы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства