viasna on patreon

Наш адказ Міклашэвічу

2014 2014-02-14T11:13:37+0300 2014-02-14T13:15:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sapelka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка

Павел Сапелка

З году ў год старшыня Канстытуцыйнага суда рапартуе пра тое, што ў яго ведамства не паступаюць скаргі грамадзянаў на неканстытуцыйнасць тых ці іншых палажэнняў нарматыўна-прававых актаў. Дакладней, гэтыя скаргі не прапускаюць упаўнаважаныя суб'екты, праз якія грамадзяне могуць звярнуцца ў КС. Разам з тым, Пётр Міклашэвіч прызнае недасканаласць механізму ўскоснага доступу грамадзянаў да канстытуцыйнага правасуддзя, але далей за словы справа ніяк не ідзе.

Абмінуць перашкоды ўпаўнаважаных суб'ектаў пры аспрэчванні некаторых нормаў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства паспрабаваў юрыст Павел Сапелка. Калі ў вопытнага спецыяліста, які мае багатую адвакацкую практыку па крымінальных справах, не атрымалася падштурхнуць КС да канкрэтных дзеянняў, то што ўжо казаць пра шараговых грамадзянаў, якія апынуліся ў бяспраўным становішчы «на законных падставах».

 

Пра свой досвед Павел Сапелка распавёў у інтэрв'ю сайту Праваабарончага цэнтра "Вясна".

 

- Раскажыце, калі ласка, пра сітуацыю, у якой Вам давялося сутыкнуцца з парушэннямі ў крымінальна-працэсуальным законе.

- У мінулым годзе ў судзе разглядалася мая скарга на пастанову следчага Следчага камітэта аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе і суд гэтую скаргу задаволіў. У далейшым на гэтую пастанову суда намеснікам Генеральнага пракурора быў прынесены пратэст. Аб прынясенні пратэсту мне не паведамілі. Пратэст быў разгледжаны Прэзідыумам Мінскага гарадскога суда, без паведамлення мне пра дату разгляду, і быў задаволены.

І тады я зразумеў, што гэта ў прынцыпе дастаткова пашыраная праблема. І яна па вялікім рахунку не залежыць нават ад працэсуальнага становішча чалавека - гэта будзе пацярпелы ці асуджаны.

Што я маю на ўвазе? У адпаведнасці з артыкулам 114 Канстытуцыі Беларусі, разбор справы ва ўсіх судах - адкрыты. А нормы Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, у прыватнасці артыкул 411, на ўзроўні закона замацавалі адрознае ад гэтага правіла. У адпаведнасці з гэтым артыкулам, крымінальная справа па пратэсце ў парадку нагляду разглядаецца ў прэзідыуме абласнога, Мінскага гарадскога, Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь. Паводле закона, пры разглядзе спраў у гэтых судовых паседжаннях прымае ўдзел пракурор таго ці іншага ўзроўню. І толькі ў неабходных з пункту гледжання суда выпадках на паседжанне суда могуць быць запрошаныя для дачы тлумачэнняў асуджаны, апраўданы, іх абаронцы, законныя прадстаўнікі, пацярпелыя і іншыя ўдзельнікі працэсу. І толькі ў гэтым выпадку запрашаным на паседжанне асобам забяспечваецца магчымасць азнаямлення з пратэстам. Гэта значыць, ад меркавання суда залежыць тое, будзе яго паседжанне закрытым - у прысутнасці толькі членаў суда і пракурора, ці ж часткова адкрытым - з запрашэннем і іншых удзельнікаў працэсу. Удзел «старонніх» - гледачоў, прадстаўнікоў СМІ, законам наогул не прадугледжана, а судом трактуецца і зусім як «забаронена». Гэта першая праблема.

Другая праблема тычыцца роўнасці правоў бакоў у працэсе. Для таго, каб скарыстацца наглядным правасуддзем, пракурору дастаткова звярнуцца ў наглядны орган. Гэта значыць, пракурор можа апратэставаць, а па сутнасці абскардзіць, любы прысуд любога суда, у адпаведнасці з кампетэнцыяй свайго ўзроўню, сам непасрэдна. Тады як асуджаны або пацярпелы гэта могуць зрабіць толькі апасродкавана. Для гэтага ім неабходна звяртацца праз таго ж пракурора ці старшыняў судоў і чакаць - прынясуць гэтыя службовыя асобы пратэст у інтарэсах таго, хто звярнуўся, ці не.

- Можна сказаць, што ў наглядным правасуддзі паўтараецца схема звароту грамадзянаў у Канстытуцыйны суд?

- Так, прыблізна тая ж схема. І ў гэтым я бачу парушэнне прынцыпу роўнасці бакоў у працэсе. А менавіта роўнасць бакоў у працэсе з'яўляецца элементам, які гарантуе справядлівы разгляд справы судом.

Таксама важна адзначыць, што судовыя пастановы, якія прымае наглядная інстанцыя, спараджаюць наступствы для асуджаных і пацярпелых. Можа быць сітуацыя, як здарылася ў мяне. І дакладна такая ж сітуацыя можа быць у асуджанага: разгледзяць нейкі пратэст пракурора ў дачыненні да яго, вынесуць рашэнне без уліку пазіцыі асуджанага... Пратэст, дарэчы, можа быць як у інтарэсах асуджанага, так і насуперак яго інтарэсам. І ў асуджанага, вядома ж, павінна быць права на тое, каб альбо запярэчыць супраць такога роду пратэсту, альбо падтрымаць яго і прывесці нейкія дадатковыя довады для суда, нагляднай інстанцыі. Але асуджаны наогул не ведае пра вядзенне нагляднага судаводства ў адносінах да сябе, як і пацярпелы. І гэта ўсё адбываецца на падставе Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, то бок фармальна без парушэнняў гэтага кодэкса. Таму пытанне стаіць як раз не пра практыку правапрымянення, а пра тое, што палажэнні самога КПК парушаюць Канстытуцыю і падпісаныя Беларуссю міжнародныя дамовы.

Таму я палічыў неабходным звярнуцца ў Канстытуцыйны суд і паставіць пытанне пра неабходнасць разгляду гэтых нормаў КПК на прадмет іх канстытуцыйнасці.

- Што Вам адказаў Канстытуцыйны суд?

- Сакратарыят Канстытуцыйнага суда паведаміў мне пра тое, што мой зварот пададзены не ваўстаноўленым парадку. Разам з тым заўважыў, што ў 2011 годзе Канстытуцыйным судом выносілася рашэнне пра адпаведнасць Канстытуцыі Закона Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь» і звярнуў увагу на тое, што пры вынясенні гэтага рашэння Канстытуцыйны суд ужо ўказваў на тое, што тыя правы, пра якія я турбаваўся, варта выконваць. Але праблема ў тым, што, па-першае, Канстытуцыйны суд так і не дачакаўся, каб заканадаўца ўнёс змены ў гэтай частцы ў КПК, а, па-другое, толькі ўнясенне змяненняў у заканадаўства можа дазволіць выконваць тыя правы, пра якія казаў Канстытуцыйны суд - напрыклад, права на роўную абарону правоў і інтарэсаў і на гарантаваную абарону правоў і свабодаўкампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом.

- Усё ж, чаму пры існуючых правілах звароту грамадзянаў у Канстытуцыйны суд Вы звярнуліся туды непасрэдна?

- Уласна кажучы, сам Канстытуцыйны суд прызнае, што дзеючыя правілы звароту да яго парушаюць правы грамадзянаў на доступ да канстытуцыйнага правасуддзя. Што я маю на ўвазе?

Згодна з нашай Канстытуцыяй і законам аб Канстытуцыйным судзе, грамадзянін не можа напрамую звярнуцца ў гэтую інстанцыю. Ён павінен звяртацца да тых суб'ектаў, якім гэта права прадастаўлена. Мне ў дадзенай сітуацыі, як я разумею, трэба было звяртацца ў Вярхоўны суд. Але Вярхоўны суд у такім парадку разгледзеў, напэўна, ужо тысячы спраў - і да гэтага часу не ўгледзеў ніякіх парушэнняў. З іншага боку, Канстытуцыйны суд год за годам кажа пра тое, што ў мінулым годзе суб'екты, надзеленыя правам звароту ў Канстытуцыйны суд, не выходзілі з прапановамі пра разгляд тых ці іншых нарматыўных актаў на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі. І больш за тое, гэтыя суб'екты не скарысталіся сваім правам звяртацца ў Канстытуцыйны суд - нягледзячы на наяўнасць зваротаў да іх грамадзянаў.

Гэта значыць, па сутнасці, што такі спосаб звароту не з'яўляецца эфектыўным.

І адзіным спосабам падштурхнуць Канстытуцыйны суд да разгляду таго ці іншага пытання пра канстытуцыйнасць таго ці іншага нарматыўнага акта з'яўляецца непасрэдны зварот у гэтую інстанцыю. І сам Канстытуцыйны суд на гэты конт кажа, што тыя рашэнні, якія прымаліся ім у парадку канстытуцыйнага кантролю за апошнія гады, прымаліся на падставе менавіта зваротаў грамадзянаў.

- Накіроўваючы свой ​​зварот, Вы і разлічвалі, што спрацуе гэты механізм?

- Так. Таму што гэта адзіны больш-менш эфектыўны механізм. Хоць ён і не прадугледжаны наўпрост законам аб Канстытуцыйным судзе. Трэба заўважыць, што і старшыня Канстытуцыйнага суда ўжо кажа пра тое, што існуючы парадак неэфектыўны, а таксама кажа, што доступ грамадзянаў да канстытуцыйнага правасуддзя павінен быць забяспечаны.

Існуючы ж сёння парадак дазваляе Канстытуцыйнаму суду па сутнасці адмахнуцца ад звароту грамадзяніна, што прынамсі і адбылося ў маім выпадку.

- І што б Вы адказалі на нядаўнюю заяву старшыні КС Пятра Міклашэвіча пра тое, што за 2013 год, як Вы і казалі, у КС не паступіла ні аднаго звароту грамадзянаў або юрыдычных асобаў праз ўпаўнаважаныя суб'екты?

- Я б адказаў, што ў большасці тых краінаў, на якія нам варта было б раўняцца ў фарміраванні прававой культуры і прававой практыкі, прадугледжана права грамадзяніна на непасрэдны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя. Гэта права прадугледжана, напрыклад, у Германіі. Прадугледжана яно і ў Расіі. І Канстытуцыйныя суды такіх краінаў спраўляюцца ў працы са зваротамі грамадзянаў. Так, магчыма, многія звароты будуць цалкам не па падведамнасці. Але мне здаецца, калі грамадзянам будзе прадастаўлена права непасрэднага звароту ў Канстытуцыйны суд, то практыка апошняга істотна ўзбагаціцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства