Суд Ленінскага раёна Магілёва нагадвае пра судовыя пасяджэнні смс-паведамленнямі (фота)
Новая дадатковая магчымасць інфармаваць грамадзян аб даце, месцы і часе судовага пасяджэння з’явілася ў раённым судзе горада. Адным з першых такое смс-паведамленне атрымаў грамадскі актывіст Аляксандр Хамратаў.
“Спачатку здзівіўся, затым успрыняў гэта як факт. Вельмі зручна, бо нагадвае аб тым, што, дзе і калі адбудзецца”, - кажа Хамратаў.
Праваабаронца Барыс Бухель таксама вітае новаўвядзенне.
“Гэта добрая з’ява. Суды усё больш актыўна пачынаюць выкарыстоўваць лічбавыя тэхналогіі. У Магілёўскім абласным судзе ўжо з’явілася магчымасць відэа-пасяджэнняў. Ужо не трэба ехаць у Мінск ці ў іншы горад. Цяпер – смс-паведамленні. Тым не менш, гэтыя смс-кі мусяць быць дадатковым спосабам інфармавання грамадзян, а асноўным мусіць з’яўляцца сама позва”, - кажа праваабаронца.