viasna on patreon

Гомельская вобласць: агітаваць можна ў парках і на стадыёнах

2014 2014-02-11T15:34:04+0300 2014-02-11T15:34:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baranavichy-stary-park.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Райвыканкамы Гомельскай вобласці вызначылі, што марознай зімой стадыёны і паркі з'яўляюцца месцамі масавага наведвання людзьмі. Якраз там дазволена праводзіць агітацыю кандыдатам у дэпутаты. Напрыклад, у Калінкавічах мітынгі і пікеты можна правесці толькі ў двух месцах: на пляцоўцы ў гарадскім парку паміж атракцыёнамі і возерам, і на пляцоўцы каля аўтадрому на тэрыторыі былога ваеннага гарадку. Вядома, што якраз усе жыхары райцэнтру зімой натоўпамі наведваюць ці пляцоўку каля непрацуючых атракцыёнаў, ці пляцоўку аўтадрому ў былым ваенным гарадку. У вёсках жа Калінкавіцкага раёну агітаваць можна ў асноўным каля сельскіх Дамоў культуры.

Адправілі кандыдатаў агітаваць ў парк культуры і адпачынку і ў Рэчыцы. У райцэнтры вызначылі тры месцы для агітацыі: акрамя парку, пікет ці мітынг можна правесці каля тэрытарыяльнага цэнтру абслугоўвання насельніцтва і каля дзіцячай музычнай школы.

У Ветцы кандыдатаў накіравалі праводзіць пікеты і мітынгі на стадыён. Варта дадаць, што стадыён у райцэнтры размешчаны на ўскрайку горада, куды дайсці далёка і складана. Праўда, можна яшчэ правесці агітацыю на пляцоўцы на Чырвонай плошчы з боку вуліцы Грамыка.

Напэўна, толькі ў Лоеве райвыканкам прадэманстраваў разгул дэмакратыі, дазволіўшы праводзіць пікеты і мітынгі на цэнтральнай плошчы райцэнтра. Праўда, з умовай, што не менш за 50 метраў ад адміністрацыйных будынкаў. А на цэнтральнай плошчы якраз і размешчаны выканкам, суд, музей, і іншыя адміністрацыйныя будынкі. Ну і традыцыйна ў Лоеве, як і іншых райцэнтрах можна правесці пікет на стадыёне (у прыватным сектары, на ўскрайку райцэнтра) і ў гарадскім парку.

У вёсках Лоеўскага раёна пікеты і мітынгі можна правесці ў асноўным каля сельскіх крам.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства