Palitviazni.info – хронікі беларускіх палітвязняў
Хронікі беларускіх палітвязняў выдадзеныя Фондам развіцця дэмакратычных ініцыятыў (Польшча) разам з Праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Кніга на беларускай, польскай і ангельскай мовах прадстаўляе гісторыі 187 беларускіх палітычных і грамадскіх дзеячоў, якія патрапілі пад крымінальны пераслед, пачынаючы з 1989 года.
Мы хочам данесці ўсе гэтыя гісторыі да людзей, паведаміла Радыё Рацыя старшыня ўправы фонду Аляксандра Шчэпаньска-Дзюбэк:
- Кожная гісторыя па-свойму ўзрушвае. Справы адных больш гучныя, так як з Алесем Бяляцкім, але гэтых вязняў 187, лічба вялізная. У кожнай біяграфіі вязняў мы таксама прадстаўляем імёны і прозвішчы пракурораў і суддзяў, каб яны не заставаліся ананімнымі і былі вядомымі.
Праваабаронца Зміцер Салаўёў, адзін з каардынатараў праекту, паведаміў: “Па сутнасці, гэтае выданне ёсць выдрукоўкай сабраных матэрыялаў на сатэлітным сайце ПЦ “Вясна” - palitviazni.info. ў мэтах пашырэння інфармацыі аб крымінальным пераследе сярод міжнароднай і беларускай супольнасці аб тым, што адбываецца на Беларусі. Таму фармат кнігі прадугледжвае выкарыстанне акрамя беларускай таксама і ангельскую, і польскую мовы.
Выданне ўжо перададзена еўрапейскім палітыкам і грамадскім арганізацыям.
Сёння ў беларускіх вязніцах знаходзяцца 11 чалавек, якія прызнаныя беларускімі і замежнымі праваабаронцамі палітвязнямі. Іх вызваленне з’яўляецца перадумоваў паляпшэння адносінаў афіцыйнага Менску з Еўразвязам.