У Віцебску забаранілі пікет да Дня Канстытуцыі
Імпрэзу замаўлялі Аляксей Гаўруцікаў і Хрыстафор Жаляпаў. Абодва актывісты 15 сакавіка хацелі прыцягнуць увагу землякоў да абароны правоў, зафіксаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Адказам на заяўку ў Першамайскую раённую адміністрацыю стала адмова, распавёў Аляксей Гаўруцікаў, актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада":
"Нам адмовілі чарговы раз па звыклай ужо прычыне. Мы не змаглі разам з заяўкай прадставіць дамовы на абслугоўванне акцыі. Гэта – заўсёдная праблема, бо з намі не пагаджаюцца супрацоўнічаць ні міліцыя, ні цэнтральная гарадская паліклініка. Каб чыноўнікі ведалі, што мы імкнемся заключыць дамовы, копіі лістоў у гэтыя структуры мы пракладаем да заявак на акцыю. Аднак і абласная ўправа МУС, і ўрачы нам зноў даслалі адмовы. З паліклінікі напісалі, што да 15 сакавіка яшчэ багата часу, і яны не могуць нам паабяцаць, што ў той дзень знойдзецца брыгада хуткай дапамогі для дзяжурства. А міліцыянты даслалі стандартную "адпіску", што будуць разглядаць нашу прапанову толькі пасля таго, як акцыю дазволяць улады. У прынцыпе, яны дзейнічаюць у межах закону аб арганізацыі масавых акцыях, і маюць рацыю. Але ж ад нас, заяўнікаў, патрабуецца выкананне рашэння №881 Віцебскага гарсавету, паводле якога папярэднія дамоўленасці – абавязковыя".
У рашэнні гарвыканкаму №881 наўпрост гаворыцца, што заяўнікі мусяць прадставіць дамовы з абласной управай МУС, ЖКГ і цэнтральнай гарадской паліклінікай. І зрабіць гэта не пазней як за 15 дзён да запланаванай акцыі. Аднак медыкі заяўляюць, што такія тэрміны ім не падабаюцца, і што свае планы яны могуць скарэктаваць хіба толькі дзён за 5 да вызначанай даты. Такая пазіцыя робіць немагчымым выкарыстанне заканадаўства для рэалізацыі правоў грамадзян, лічыць каардынатар Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў:
"Мы мусім звяртацца да ўладаў за 15 дзён, а медыкі, бачыць, хочуць каб за 5. Атрымаліваецца, і закон аб масавых акцыях для іх не працуе, і рашэнне гарвыканкаму таксама, хаця там указана, што абслугоўваць акцыі абавязаныя прадстаўнікі менавіта гэтай паліклінікі. З абласной управай МУС – увогуле атрымалася дзіўна: паводле рашэння гарвыканкаму №881 мы мусім звяртацца менавіта туды, але міліцэйскае кіраўніцтва нам цвердзіць, што гэта – абласная структура, а рашэнню гарваканкаму яны не абавязаныя падпарадкоўвацца!"
Дзесяткі разоў віцебскія актывісты звярталіся ў розныя інстанцыі з прапановай унесці змены ў практычна невыканальнае рашэнне гарадскіх уладаў. Але атрымлівалі адмовы: маўляў, яно прайшло юрыдычную экспертызу і таму дасканалае з пункту адпаведнасці закону. Тады актывісты вырашылі прымяніць іншую стратэгію – падаваць заяўкі на акцыі за 2 і больш месяцы да прызначанай даты. За гэты час актывісты разлічваюць ініцыяваць судовыя працэсы, каб такім шляхам змусіць адказныя структуры да супрацоўніцтва. І ў выпадку перамогі ў судзе паспець падаць заяўкі яшчэ раз.
Аднак такі стан рэчаў ненармальны, калі грамадзянам, каб рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы на свабоду публічнага выказвання думак, даводзіцца распрацоўваць складаныя хады замест таго, каб скарыстацца тым, што гарантуе Канстытуцыя, гавораць А.Гаўруцікаў і Х.Жаляпаў. Асабліва калі справа тычыцца акцыі ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь