Лісты салідарнасці ідуць Алесю Бяляцкаму з розных канцоў свету
Цягам гэтага месяца Алесь Бяляцкі спрабуе адказаць на віншаванні і лісты, чарговая хваля якіх прыпала на калядна-навагоднія святы. Сярод іх да палітвязня даходзяць і пасланні ад беларусаў, якія жывуць у далёкіх краінах.
На мінулым тыдні ў бабруйскую калонію прыйшла паштоўка з аўстралійскага Сіднэю – “самая далёкая паштоўка з другога боку зямной кулі”, як назваў яе Алесь у ліставанні з вясноўцамі.
Даслаў гэтую паштоўку Ян. Ён узгадвае сваю сустрэчу з праваабаронцам, якога ставіць у адзін шэраг з адным з самых вядомых у свеце змагароў за правы чалавека Нэльсанам Мандэлам:
“Дарагі Алесь!
Тры гады таму на Плошчы я паціснуў Вам руку і дагэтуль гэтым ганаруся.
Я жадаю, каб Вы паўтарылі подзвіг Нэльсана Мандэлы.
Не, не адсядзелі 27 гадоў, а сталі нашым вызвольным і аб’ядноўваючым
прэзідэнтам ці прэм’ерам!
Жадаю моцы сачыць за здароўем!
У нас зараз +40. Хочацца, каб у Вас на душы ніколі не згасаў той унутраны рэактар…
Жыве Беларусь!”
Заўважна, што Ян сочыць за жыццём Алеся Бяляцкага ў зняволенні, бо ведае пра спробы Алеся вывучаць англійскую мову, таму ў паўжартаўлівым тоне прапаноўвае яму папрактыкавацца ў ліставанні… Пра гэта Ян напісаў ужо па-англійску.
Тым часам галандскае аддзяленне AmnestyInternational працягвае доўгатэрміновую акцыю ў падтрымку зняволенага кіраўніка ПЦ “Вясна”. Ужо які месяц галандцы дасылаюць Алесю Бяляцкаму паштоўкі з пасланнем “Я думаю пра цябе. Я жадаю табе дабра”. Актывісты арганізацыі змясцілі такія выразкі – з адрасам бабруйскай калоніі №2 і партрэтам палітвязня замест маркі – у сродках масавай інфармацыі, каб як мага больш людзей змаглі выказаць сваю салідарнасць.