Пракуратура Фрунзенскага раёна не лічыць адвольныя затрыманні парушэннем закона
Такі адказ атрымаў актывіст Ілля Дабратвор, якога неаднаразова затрымлівалі міліцыянеры і адпускалі праз некаторы час без складання пратаколу аб адміністраўным правапарушэнні.
29 кастрычніка 2013 года Ілля Дабратвор быў затрыманы з сынам Яўсеем (2005 г.н.) на акцыі па ўшанаванні продкаў Дзяды. Па словах Дабратвора, нагодаў для затрымання супрацоўнікі Фрунзенскага РАУС не назвалі, у РАУС з яго ўзялі тлумачэнні.
У сваёй скарзе, накіраванай у пракуратуру Фрунзенскага раёна, актывіст звяртае ўвагу на тое, што ў ягоным выпадку адсутнічалі нагоды і падставы для затрымання. Тым больш незразумела, чым тлумачыцца затрыманне непаўнагадовага дзіця. Ілля Дабратвор лічыць, што былі парушаныя ягоныя канстытуцыйныя і працэсуальныя правы, а таму ён звярнуўся х просьба правесці праверку і прыцягнуць адказных асоб да адказнасці.
Пракурор Фрунзенскага раёна г. Мінска А.А.Беспалы лічыць, што для правядзення праверкі няма паставаў. “Як вынікае з вашага звароту, пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні супрацоўнікамі Фрунзенскага РАУС г. Мінска ў адносінах Вас не складаўся і, адпаведна, адміністратыўны працэс не пачынаўся”, - утрымліваецца ў адказе на скаргу.
У адпаведнасці з арт. 9.5 ПВКаАП адміністратыўны працэс з’яўляецца пачатым з моманту адміністратыўнага затрымання фізічнай асобы. На гэта Ілля Дабратвор звяртае ўвагу ў скарзе, накіраванай ужо пракурору г. Мінска.
Варта адзначыць, што актывіст аспрэчвае яшчэ адно адвольнае затрымане – 23 студзеня яго такім самым чынам затрымалі міліцыянеры Цэнтральнага РАУС г. Мінска.