Ваўкавыск: пікет салідарнасці з украінскім Майданам забаронены
Ваўкавыскі грамадскі актывіст Віталь Гуляк атрымаў адмову ў правядзенні пікету на знак салідарнасці з украінскім Майданам. 9 студзеня ён падаў заяўку на правядзенне ў гарадскім парку Ваўкавыску (гэтае месца афіцыйна вызначанае ўладай для правядзення масавых мерапрыемстваў) 25 студзеня інфармацыйнага пікету на знак салідарнасці з украінскім народам у яго памкненні ісці ў Еўразвяз. Афіцыйны адказ датаваны 17-м студзеня.
У адказе за подпісам намесніка старшыні райвыканкаму Уладзіміра Захарчука сцвярджаецца наступнае: “В соответствии со статьей 2 Закона РБ от 30 декабря 1997 года "О массовых мероприятиях… уличное шествие - это организованное массовое движение группы граждан по пешеходной или проезжей части улицы (дороги), бульвара, проспекта, площади. Таким образом, массовое мероприятие, за разрешением на проведение которого Вы обратились, в городском парке невозможно”. Зразумець нешта канкрэтна з гэтага адказу папросту немагчыма.
Віталь Гуляк рыхтуе скаргу у суд.