Наталля Пінчук: Каментаваць можна справы, а не словы
«Я чула заяву Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі. Не першы раз такія заявы гучаць, але які сэнс каментаваць словы. Каментаваць можна толькі справы».
Так адрэагавала жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага — Наталля Пінчук на словы Лукашэнкі аб тым, што калі інфармацыя аб кампенсацыі шкоды пацвердзіцца, Бяляцкага могуць амніставаць.
«Мінулы год для Алеся апынуўся страшна цяжкім — яго цалкам пазбавілі доўгатэрміновых спатканняў са сваякамі. За два з паловай гады, з 2011 па 2013 гады, якія Алесь адседзеў, нам далі толькі адно доўгатэрміновае спатканне, і гэта не на трое сутак, а толькі на суткі. У мінулым годзе з двух доўгатэрміновых спатканняў мы не атрымалі ніводнага. Як могуць, яго ізалююць — і тут, і там. Часам тэлефануе, маецца праблема з перапіскай, але што тычыцца доўгатэрміновых сустрэч з роднымі — тут проста катастрофа», — падкрэсліла Наталля Пінчук.