viasna on patreon

УКРАІНА: Адкрыты ліст да ўкраінскага Прэзідэнта Віктара Януковіча і спікера парламента Уладзіміра Рыбака

2014 2014-01-21T14:42:08+0300 2014-01-21T14:42:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/absiervatoryjapaabaroniepravaabaroncau-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў

Парыж-Жэнева, 20 студзеня 2014 г.

Вашы правасхадзіцельствы,

16 студзеня 2014 года ўкраінскі парламент нечакана і паспешліва прыняў комплексны абмежавальны законапраект, які прадугледжвае пакаранне за пратэсты, уводзіць крымінальную адказнасць за паклёп, абмяжоўвае правы грамадзянскія арганізацыі на атрыманне фінансавання з-за мяжы і адносіць іх да “замежных агентаў”.

Законапраект пад назвай “Аб унясенні змяненняў у Закон Украіны “Аб судовым ладзе і статусе суддзяў” і працэсуальныя законы адносна дадатковых захадаў па абароне бяспекі грамадзян” быў прадстаўлены 14 студзеня 2014 года і ўхвалены ўсяго праз два дні, не атрымаўшы прававой ацэнкі, не прайшоўшы парламенцкія слуханні і кансультацыі. Тэкст быў хутка прыняты ўзняццем рук і падтрыманы 235 з 450 парламентарыяў, перад тым як ён быў падпісаны Прэзідэнтам.

Тэкст уводзіць пэўныя абмежаванні на права на свабоду асацыяцый, мірных сходаў і выказвання меркаванняў і сур’ёзна пагаршае магчымасці грамадзянскай супольнасці дзейнічаць і заяўляць пра свае праблемы.

Гэты дакумент таксама ўводзіць сумна вядомае паняцце “грамадскіх аб’яднанняў, якія выконваюць функцыю замежнага агента”. Аналагічныя палажэнні былі прыняты ў Расійскай Федэрацыі ў канцы 2012 года. Згодна з законапраектам, усе грамадскія арганізацыі, якія атрымліваюць сродкі з замежных крыніц, павінны мець у сваёй назве словазлучэнне “замежныя агенты”, зарэгістравацца ў такой якасці, прадастаўляць штомесячныя справаздачы аб сваіх арганізацыях, штоквартальна публікаваць справаздачы аб сваёй дзейнасці ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі і не могуць карыстацца ільготамі па падаткаабкладанні. Законапраект вызначае, што ўсе арганізацыі, якія бяруць удзел у палітычных акцыях, якія вызначаюцца як дзеянні, накіраваныя на аказанне ўплыву на прыняцце рашэнняў дзяржаўнымі органамі, змяненне дзяржаўнай палітыкі, якую гэтыя органы вызначылі, а таксама фарміраванне грамадскай думкі дзеля гэтых мэтаў, лічацца грамадскімі арганізацыямі. Арганізацыі, якія не маюць рэгістрацыі, могуць быць ліквідаваны па рашэнні суда.

Дакумент таксама мае на мэце ўнесці папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях дзеля рэзкага абмежавання мірных пратэстаў. Арганізатары вулічных дэманстрацый могуць быць аштрафаваныя на суму да 3 400 грн [1] (309 еўра) або арыштаваныя на тэрмін да 10 сутак. Устаноўка палатак або сцэнічных канструкцый і гукавога абсталявання караецца штрафам да 5 100 грн (463 еўра) або 15 суткамі арышту.

Гэтыя папраўкі былі прынятыя ў сітуацыі, калі пратэстоўцы працягваюць збірацца на плошчы Незалежнасці ў Кіеве і ў іншых частках Украіны, пачынаючы з лістапада 2013 года. Цікава, што законапраект таксама прадугледжвае штрафы для тых, хто ўдзельнічае ў “працэсіі, якая складаецца з больш чым пяці транспартных сродкаў”, што можа быць непасрэдна звязана з нядаўняй акцыяй “Аўта Майдан” 29 снежня 2013 года, калі, паводле ацэнак, 2 000 аўтамабіляў, выкарыстоўваючы гукавы сігнал, накіраваліся ў рэзідэнцыю Прэзідэнта Украіны ў Межыгор’і, размешчанай ў 25 км на поўнач ад Кіева.

Акрамя таго, дакумент уводзіць паняцце “паклёп” у Крымінальны кодэкс і прадугледжвае, што асоба, якая “свядома распаўсюджвае загадзя ілжывыя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць іншай асобы”, можа быць аштрафаваная на суму ў памеры да 850 грн (77 еўра) або да 5 100 грн (463 еўра) у выпадку паўторнага парушэння, або прысуджаная да грамадскіх працаў, або папраўчых працаў на тэрмін да аднаго года. Асуджэнне за “паклёп” на падставе абвінавачванняў у здзяйсненні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства будзе карацца папраўчымі працамі ад аднаго года да двух гадоў або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў.

Нарэшце, дакумент таксама мае на мэце крыміналізацыю “экстрэмісцкай дзейнасці”, накіраваную супраць вырабу, апрацоўкі або распаўсюду так званых “экстрэмісцкіх” матэрыялаў. Мы асабліва занепакоеныя тым, што шырокае вызначэнне “экстрэмізму” можа быць ужыта ў дачыненні як да асобных прадстаўнікоў, так і арганізацый грамадзянскай супольнасці ў цэлым, дзеля таго, каб задушыць ажыццяўленне іх права на свабоду выказвання меркаванняў, сходаў, а таксама іншыя асноўныя свабоды [2]. Такая дзейнасць будзе карацца штрафам у памеры да 13 600 грн (1 234 еўра), а ў выпадку паўторнага парушэння штраф можа скласці да 51 000 грн (4 629 еўра) або можа быць ужыта пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.

Вашы правасхадзіцельствы, гэтыя новыя палажэнні істотна падарвуць магчымасці грамадзянскай супольнасці і праваабарончых арганізацый для працы ў краіне.

Мы таксама занепакоеныя з прычыны наступстваў прыняцця такіх законаў у Расійскай Федэрацыі і ва Украіне для шырэйшага рэгіёну Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

Таму мы пацвярджаем нашу глыбокую заклапочанасць у сувязі з прыняццем новага дакумента, які з’яўляецца не толькі заканадаўчым ўдарам па свабодзе асацыяцый і выказвання меркаванняў, але і прадузятым і вельмі адмоўным паведамленнем аб характары дзейнасці, якую ажыццяўляюць праваабарончыя арганізацыі ў краіне, і ўяўляе сабой небяспеку судовых пераследаў для ўсіх іх актывістаў.

У гэтым кантэксце мы з павагай заклікаем Вас зрабіць захады дзеля неадкладнай і безумоўнай адмены гэтага закона, каб забяспечыць пры любых абставінах магчымасцьдля  ўсіх праваабаронцаў ва Украіне права ажыццяўляць сваю законную праваабарончую дзейнасць без якіх-небудзь перашкод або страху рэпрэсій, і выконваць ва ўсіх абставінах міжнародныя стандарты і дакументы, ратыфікаваныя Украінай.

Карым Лахіджы, Прэзідэнт FIDH

Джэральд Стэйбрак, Генеральны сакратар OMCT

 [1] Украінская грыўна.

[2] “Экстрэмісцкія” матэрыялы ўключаюць дакументы, якія “заклікаюць да або апраўдваюць неабходнасць планавання, арганізацыі, падбухторвання да або дзеяння з мэтай змены або звяржэння канстытуцыйнага ладу з дапамогай сілы, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці, дзяржаўнага суверэнітэту, захопу або захавання ўлады сілай, незаконнага ўмяшальніцтва або перашкоды законнай дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання”, а таксама “масавыя беспарадкі, парушэнне грамадскага парадку, хуліганства, вандалізм”, (...) “парушэнне правоў, свабодаў і законных інтарэсаў асобаў” ( і ) “прапаганду выключнасці”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства