У Мастах “дэпутаты” зніклі
Мастоўскі раённы Савет дэпутатаў вярнуў прадстаўнікам грамадскай кампаніі “За Еўрапейскую Мастоўшчыну” звароты, скіраваныя да дэпутатаў Мастоўскага райсавету з подпісам: “Па дадзенаму адрасу не знаходзіцца”.
30 снежня мясцовыя актывісты звярнуліся да усіх дэпутатаў Мастоўскага райсавету з просьбай прадставіць выбаршчыкам і грамадскасці Мастоўшчыны вынікі сваёй чатырохгадовай працы ў раённым Савеце. Адпаведныя звароты былі дасланыя на адрас Мастоўскага раённага Савету дэпутатаў: горад Масты плошча Леніна-3.
Звароты былі накіраваны да ўсіх 24 цяперашніх дэпутатаў раённага Савету, паколькі аніводны з “народных абраннікаў” за усе 4 гады сваёй дэпутацкай працы не праводзіў сустрэч з выбаршчыкамі і не інфармаваў грамадзян пра сваю дэпутацкую дзейнасць на карысць гораду Масты і рэгіёна.
“Кадэнцыя дэпутатаў Мастоўскага райсавету 26-га склікання заканчваецца, а выбаршчыкі і грамадскасць Мастоўшчыны дагэтуль не ведаюць, чым займаліся дэпутаты цягам гэтых амаль 4 гадоў і што канкрэтна кожны з іх зрабіў для сваёй выбарчай акругі і Мастоўскага раёну,” – кажа адзін з ініцыятараў кампаніі Алег Пронскі.