Гродзенскі абласны суд прызнаў забарону пікета законнай
20 студзеня ў Гродзенскім абласным судзе прайшоў разгляд касацыйнай скаргі мясцовых праваабаронцаў Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і Рамана Юргеля на рашэнне суда Ленінскага раёну гораду, якім была прызнаная законнасць адмовы гарвыканкамам праводзіць ім 10 кастрычніка 2013 года інфармацыйны пікет пра сітуацыю з смяротным пакараннем у Беларусі. Прадказальна калегія абласнога суду ў складзе трох суддзяў узяла бок гарвыканкаму і суду першай інстанцыі.
Нагадаем, што гарвыканкам адмовіў праваабаронцам праводзіць пікет таму што палічыў, што заяўнікі не ў стане аплаціць выдаткі, звязаныя з яго правядзеннем. Пры тым на першым судовым працэсе высветлілася, што правядзенне пікету ў Гародні каштуе ажно 23 мільёны 324 тысячы беларускіх рублёў (!). Чыноўнікі таксама выявілі надзвычайны бюракратызм, заявіўшы, што заяўнікі не пазначылі ў заяве, ці збіраюцца выкарыстоўваць піратэхнічныя сродкі і адкрыты агонь, палічыўшы гэта парушэннем заканадаўства. Яшчэ гродзенскі гарвыканкам парушыў закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, даўшы свой адказ не на мове звароту – беларускай, а па-руску.
4 снежня ўжо мінулага года суддзя Ленінскага раённага суд Вольга Шыманская не захацела прыняць аргументацыю заяўнікаў і не задаволіла скаргу праваабаронцаў. Пасля гэтага Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель звярнуліся ў абласны суд. У абласным судзе калегія выслухала пазіцыю заяўнікаў і бок адказніка і, не задаўшы аніводнага пытання, пакінула рашэнне раённага суду нязменным.
Праваабаронцы, у выпадку неаднаўлення законнасці на нацыянальным узроўні, маюць намер падаць адпаведную скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.