Суддзя разглядае скаргі на свае рашэнні. Вынік -- прадказальны
Магілёвец Васіль Ліпскі скардзіцца на першага намесніка старшыні Вярхоўнага суда. Адпаведную скаргу актывіст накіраваў старшыні Вярхоўнага суда Валянціну Сукала.
Аказалася, што суддзя Федарцоў разгледзеў дзве скаргі на самога ж сябе і праігнараваў просьбу магілёўца "не разглядаць самому наглядную скаргу на сябе".
Васіль Ліпскі просіць прыцягнуць Федарцова да адказнасці ў адпаведнасці з законам, а таксама забараніць гэтаму чалавеку разглядаць у чацвёрты раз яго пятую наглядную скаргу.
Магілёвец адзначае, што прычынай для скаргі ў Вярхоўны суд стала адмова яму ў працаўладкаванні ў сувязі з "неадпавяданнем узроставым патрабаванням". Васіль Ліпскі ўбачыў у гэтым дыскрымінацыю і напісаў скаргу ў Вярхоўны суд.
Першы раз наглядную скаргу разгледзеў намеснік старшыні Вярхоўнага суда Забара. Другую наглядную скаргу на адказы Забары і ніжэйстаячых судовых інстанцый разгледзеў Федарцоў. Наступныя ж дзве скаргі на адказ першага намесніка старшыні Вярхоўнага суда разгледзеў зноўку сам Федарцоў.
Паводле магілёўца, падобная практыка адказаў з'яўляецца грубым парушэннем заканадаўства, і хто як не суддзі павінны гэта ведаць.