viasna on patreon

У Палаце прадстаўнікоў лічаць, што старшыня Гродненскага аблвыканкаму спраўляецца з дэпутацтвам

2014 2014-01-19T22:21:57+0300 2014-01-19T22:21:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palata_pradstaunikou_ns.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Валерый Каранкевіч напрыканцы мінулага тыдня атрымаў адказ з Палаты прадстаўнікоў Нацыянанага сходу РБ за подпісам намесніка старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўнаму будаўніцтву, мясцоваму самакіраванню і рэгламенту В. І. Жураўскай.

У адказе Валянціна Жураўская паведамляе экс-кандыдату, што на трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ пятага склікання пытанне аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Краўцова У. В. не разглядалася.

Таксама намеснік старшыні камісіі піша пра тое, што “Краўцоў У. В, у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў павінен ажыццяўляць работу з выбаршчыкамі ў формах і парадку, прадугледжаным названым Законам (Законам “Аб статуце дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ” – з. р.). Пры гэтым месца жыхарства дэпутата Палаты прадстаўнікоў не з’яўляецца вызначаючым для выканання ім сваіх дэпутацкіх паўнамоцтваў.

Інфаруем, што Ваш зварот даведзены да ведама дэпутата Краўцова У. В.”.

Нагадаем, што былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Валерый Каранкевіч 22 снежня накіраваў заявы ў Палату прадстаўнікоў і Цэнтрвыбаркам. У заявах на імя старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі і старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай былы кандыдат у дэпутаты прапаноўваў у сувязі з адсутнасцю дэпутата Краўцава У. В. у выбарчай акрузе №83 прапанаваць яму скласці свае дэпутацкія паўнамоцтвы і правесці ўсе працэдурныя пытанні згодна заканадаўства і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Валерый Каранкевіч перакананы, што, у сувязі з тым, што Краўцоў Уладзімір Васільевіч Указам кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі ад 14 лістапада 2013 года №509 прызначаны старшынёй Гродненскага аблвыканкама, ён не можа выконваць абавязкі дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83. У абаснаванне сваёй высновы Валерый Каранкевіч спасылаецца на тое, што пераезд Уладзіміра Краўцова ў Гродна робіць немагчымым выкананне шэрагу артыкулаў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.

“Добра ўжо тое, што мой зварот давялі да Уладзіміра Краўцова, - кажа Валерый Каранкевіч. – Калі ён сумленны чалавек, то сам павінен спыніць свае дэпутацкія паўнамоцтвы і засцярожыцца на працы старшыні Гродненскага аблвыканкама, бо ніякай дэпутацкай працы ў сваёй выбарчай акрузе ён не вядзе. Што датычыцца непасрэдна адказу за подпісам Валянціны Жураўскай, то там наогул няма ніякай канкрэтыкі. У дэмакратычных краінах паўсюдна дзейнічаць правілы, якія выключаюць сумяшчэнне дзяржаўных пасадаў з паўнамоцтвамі дэпутатаў вышэйшых органаў заканадаўчай улады. Дарэчы, гэтыя правілы дзейнічаюць нават у саюзнай нам Расіі.

Зараз я рыхтую новы зварот да старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі, дзе выкажу свае канкрэтныя прапановы на гэты конт”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства